Некалі ў Беларусі шмат вадзілася мядзьведзяў. Хто зараз можа сустрэць хаця
б аднаго ў лесе… Але вось мой бацька расказваў мне гісторыю, якая адбылася
зімою ў 1942 годзе.
Быў ён тады камісарам партызанскага атраду. Ня тое што блякада была.
На тое ў немцаў у той пэрыяд сілаў не было. Ішлі цяжкія баі пад Сталінградам.
Проста ва ўсіх навакольных вёсках стаялі нямецкія гарнізоны, і ў партызанаў
з харчам было вельмі напружанае становішча.
Тут адзін з партызанаў, блукаючы па лесе, натыкнуўся на бярлогу мядзьведзя.
Прыйшоў і далажыў: так і так. Мядзьведзь – гэта ж гара мяса. Паслалі цэлы
ўзвод, каб гэтага мядзьведзя ўзяць. Але ж як яго возьмеш, калі ён пад ламаччам
і сьнегам ляжыць.
Вось яны ляглі ланцугом вакол бярлогі. Аднаго чалавека паслалі гэтага
мядзьведзя раскатурхаць. Вось ён узяў палку, сунуў у дзірку, праз якую
пара зь бярлогі йдзе, і пачаў там мядзьведзя турбаваць.
І, калі бярлога зварушылася, ён, натуральна, бегма бегчы. Пакуль мядзьведзь
адтуль падняўся – злосны, ня любіць, калі яго зімою падымаюць – усе пачалі
наводзіць зброю. Яле ж ня сьцямілі, што яны колам ляглі. Калі страляць,
дык адно ў аднаго. Ня можна. Не было сярод партызанаў паляўнічага, каб
ён правільна іх расставіў.
Мядзьведзь падняўся, падышоў да першага партызана. Нічога яму не рабіў,
не ламаў. Нічога. Узяў у яго з рук стрэльбу, пагнуў яе, кінуў. І так прайшоў
па ўсім коле. І ўсе вінтоўкі пагнуў. Павярнуўся і пайшоў у лес.
Гэтыя партызаны ў атрад вярталіся ня хутка. Ім давялося недзе ў лесе
– там лазенка была – сьпярша ў тую невялікую лазенку схадзіць давялося.
Трохі б з бялізнай там разабрацца, а вось тады яны асьмеліліся прыйсьці
ў атрад. Хто з людзей паспытаў вельмі вялікі страх, той ведае, што можа
напасьці стаўбун – бегчы трэба, а ногі не бягуць. У народзе гэта так і
называецца – найшоў стаўбун. Яны ўсе дранцьвелі ад страху, яны бегчы не
маглі, гаварыць не маглі. Ну і здарылася з кожным тое няшчасьце, якое вымагала
потым лазьні.
Зараз людзей трэба баяцца, а не мядзьведзяў.
Бацька мой, Барыс Паўлавіч Хаймовіч, з 41-га па 44-ы год быў камісарам
першага батальёну 208 партызанскага палку, якім камандаваў перш Нічыпаровіч
– гэта быў выдатны чалавек, на якога пасьля быў напісаны данос. Яго адклікалі
ў Маскву ў 42-м годзе, ён скончыў акадэмію Гэнеральнага штабу, атрымаў
званьне генэрал-маёра, павінен быў ісьці на фронт, але тут данос падасьпеў,
яго пасадзілі і ў 45-м годзе, у красавіку, ён у турме абвесьціў галадоўку
і памёр ад голаду.
Фэлікс Хаймовіч
Самае папулярнае
1