22 чэрвеня – канешне, вельмі знакамітая дата для ўсёй навейшай гісторыі
– можна сказаць, сакральная дата. Хаця, як вядома, другая сусьветная вайна
пачалася амаль на 2 гады раней. Але гэта для эўрапейцаў, для сусьвету.
Наша вайна пачалася 22 чэрвеня 41 году.
Вестка пра гэтую вайну застала мяне далёка ад дому – на ўкраінскай Чарнігаўшчыне.
І, вядома ж, першай думкай было: трэба дамоў. Але дамоў не пусьцілі: моладзь
змабілізавалі на абарончыя работы, і я з маімі аднагодкамі два месяцы капаў
глыбачэзныя супрацьтанкавыя равы за Гомляй. І дужа гараваў, што не пасьпею
са зброяй у руках абараніць Радзіму. Бо, як заўжды, палітворганамі вялася
інтэнсыўная прапаганда, якая ўводзіла ў маладыя душы, можа, самую вялікую
на той час няпраўду, паводле якой вайна не задоўжыцца. Нямецкі рабочы кляс
з клясавай салідарнасьці вось-вось паўстане супраць Гітлера, і паратуе
братні рабочы кляс у СССР.
На тое была ўся надзея. Бо вельмі хутка выявілася, што Чырвоная армія
ці ня ўся адступае або здалася ў палон і ня можа нікога бараніць. Абараняць
СССР давялося нам – каму на той час было па якіх 17 гадоў. Разам з арміяй
я адступаў да Харкава, затым да Варонежа, затым быў запасны полк, паскораная
Саратаўская пяхотная вучэльня, зь якой зноў вярнуўся на Ўкраіну.
Вайны хапіла на ўсіх аж занадта. А Радзіму-Беларусь давялося пабачыць
толькі праз 7 гадоў, і я не пазнаў яе. Усё было пабурана, раскідана, зьнявечана.
Хіба што засталася душа пакуль што. Мабыць, тое апошняе ў беларуса.
Васіль Быкаў
Самае папулярнае
1