Тая восень 1991 году была для нашага невялікага калектыву поўная сапраўды
лёсавызначальных навін і нечаканых прыемных турбот. Відавочна мяняліся
адносіны да нас з боку калег, у тым ліку і маскоўскіх. Па-іншаму пачыналі
з намі ўзаемадзейнічаць у кулюарах штаб-кватэры на Іст-рывер міжнародныя
чыноўнікі. Перад намі засьвяціліся вялікія дыпляматычныя пэрспэктывы, і
на нашыя плечы, ня надта вопытныя, абрынуўся не абы які груз афіцыйнай
адказнасьці.
Трэба было акрамя ўсяго іншага тэрмінова мяняць нацыянальныя шыльды:
назву краіны, герб, сьцяг. Тагачасны міністар замежных справаў Беларусі
Пятро Краўчанка, чалавек апантаны, энэргічны і напорысты, патрабаваў пры
гэтым усё рабіць амаль імгненна. Новага сьцяга бел-чырвона-белага нам зь
Менску не прыслалі, больш таго, мы нават ня мелі інфармацыі, ці ёсьць яго,
так сказаць, матэрыяльны ўзор-эталён. Падрабязнае апісаньне перадаваць
зь Менску ў Ню-Ёрк таксама не сьпяшаліся, часу на дыскусіі не было, і супрацоўнікі
прадстаўніцтва, як кажуць, выбілі з менскіх кіраўнічых структураў неабходныя
ўдакладненьні. Бо калі з белым колерам было ўсё ясна, дык з чырвоным было
мноства пытаньняў – чырвонага мноства адценьняў. Якое павінна быць на сьцягу,
самі мы вырашаць ня мелі права. З суадносінамі колераў усё было ОК, але
ў сьцяга, які павінен быў зьявіцца сярод іншых, павіны былі быць пэўныя
памеры. Зноў давялося ў пратакольных службах усё правяраць, узгадняць.
Пасьля ўсяго гэтага пачалі шукаць майстэрню. Пры гэтым, як звычайна
для нашай краіны, выдаткі павінны былі быць мінімальныя, бо бюджэт прадстаўніцтва
заўсёды быў больш чым сьціслы, сьціплы, а ніякіх асыгнаваньняў на замену
сымболікі Вярхоўны Савет, вядома ж, не прадугледзеў. Словам, знайшлі мы
на Мангатане ня самую дарагую майстэрню, дзе ўзяліся за некалькі гадзінаў
з адпаведнага матэрыялу пашыць нам сьцяг. Прынесьлі супрацоўнікі яго ў
прадстаўніцтва, жонкі дыпляматаў старанна яго адпрасавалі, і рана-раненька
нашыя пратакалісты паехалі ў службы ААН, каб замяніць стары дзяржаўны сьцяг
краіны на новы.
Чырвона-зялёны савецкі мы, безумоўна, ня рвалі на сувэніры, не тапталі,
а акуратна згарнулі і пакінулі ў прадстаўніцтве як памятку даволі доўгага
пэрыяду нашай гісторыі, як сьведку нашай прысутнасьці ў аўтарытэтнай міжнароднай
арганізацыі на працягу многіх гадоў.
Калі пасьля мы прыйшлі на паседжаньне ў будынак ААН, на флагштоку перад
ім сярод больш чым 180 дзяржаўных сьцягоў сьвету пад ветрам вольна разьвінаўся
наш прыгожы, наш гістарычны, дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг, колеры якога,
дарэчы, з поўным правам можна назваць ня толькі сьвятымі, а і спрадвечна
славянскімі. Мы прыпыніліся пад ім, пастаялі, і гэта быў адзін з самых
памятных момантаў у маім дыплямацкім жыцьці.
Генадзь Бураўкін, Менск
Самае папулярнае
1