Закаханасьць да Беларусі, да беларускай мовы прыйшла да мяне з раньняга
дзяцінства. Вялікае ўражаньне зрабіла на мяне барацьба нашых мяйсцовых
патрыётаў, якія, калі зачынілі Грамаду, сталі сябрамі камуністычнай партыі
Заходняй Беларусі. Гэта таксама былі шчырыя беларускія партыёты: змагаліся
за беларускія школы, прынцыпова размаўлялі толькі па-беларуску, і гэта
на мяне рабіла ўражаньне.
Найбольш, напэўна, зрабіла для майго выхаваньня родная сястра Вера,
якая вучылася ў Віленскай беларускай гімназіі, ведала добра гісторыю Беларусі
і мяне знаёміла зь ёю.
Усё было ў нас па-руску, нават беларускую мову мы вывучалі па падручніку
для маскоўскіх унівэрсытэтаў: па-руску ўсё, толькі прыклады беларускія.
Праўда, быў выкладчык літаратуры Ржэўскі, які вучыў нас патрыятызму – але
яго хутка арыштавалі. Гэта было пры Хрушчове – адліга была не для беларусаў.
Далі яму 7 гадоў толькі за тое, што вучыў студэнтаў любіць родную мову.
Сытко Павал – таксама ў змрочныя 50-я гады вельмі шмат зрабіў для выхаваньня
беларускасьці ў студэнтаў. Мы нават лічылі яго сваім куратарам, класным
кіраўніком. Як потым выясьнілася, нічога падобнага – проста, для кожнага
беларускага хлопца ён ставіўся па-бацькоўску.
Ну, а потым ужо, калі я сам стаў выкладаць беларускую мову, я ўбачыў,
што, напрыклад, мэблю з нашага габінэту, якую мы бераглі некалькі гадоў,
і яна выглядала як новая – забралі ў ваенны габінэт, нам паставілі самую
горшую. Усё самае горшае давалі ў беларускі габінэт. А ў КГБ мне адкрыта
сказалі: “Беларуская мова далжна ішчэзнуць, вы нам мяшаеце.” Так што не
таіліся з гэтым.
Наогул, да 50-х гадоў я лічыў, што застаўся адзіным беларусам у Беларусі.
А потым пачалі неяк знаходзіцца людзі, якія таксама горача любілі сваю
Бацькаўшчыну.
Алесь Белакоз, Гудзевічы
Самае папулярнае
1