Для мяне, відаць, для майго жыцьця, самая трагічная падзея, найбольш якая
запомнілася, якая ніколі не згладзіцца з маёй памяці, гэта падзямельле
фашысцкае ў палоне – шахты Рура. Ёсьць у Руры невялікі горад Марліх, там
ёсьць шахта Брасэр. Вось у гэтую шахту я быў кінуты пасьля таго, як быў
захоплены ў палон. І ў гэтай шахце ў асноўным мой увесь палон і прайшоў.
Амаль што ўвесь, апошнія толькі тры-чатыры месяцы ня там былі.
І што цікава і дзіўна, можа, для некаторых людзей, як я ў падзямельлі
застаўся жывы. Мне было, па-першае, 23-24 гады, калі якраз у гэтай шахце
я быў, і, як ні дзіўна, мяне выратаваў нямецкі шахцёр. Праўда сытуацыя
гэта нязвычная зусім. Калі б гэты чалавек быў на вачах у іншых сваіх супляменьнікаў,
то ён бы, канешне, не ратаваў мяне. Я так думаю. А паколькі ён быў у шахце
выключны спэцыяліст, стары даволі чалавек, у той час ён працаваў як галоўны
“крапільшчык”, мацавальшчык у шахце ўсялякіх абвалаў. І таму ён быў адзін
і браў, часам, мяне сабе ў памочнікі, і мы заставаліся зь ім удваіх, і
ён на працягу ўсяго майго знаходжаньня ў шахце прыносіў мне штодзённа бутэрброд.
Штодзённа, хлеб з салам. Ён ведаў, што нашыя людзі вельмі сала любяць.
Сабе рабіў, часам, з маслам, а мне – толькі з салам.
І вось так адбылося маё ўратаваньне дзякуючы гэтаму чалавеку. Таму што
з гэтай шахты кожны месяц бралі на паверхню 40-50 чалавек хворых на сухоты
і вывозілі ў лагер сьмерці, які быў на галяндзкай граніцы. Толькі ён мяне
выратаваў.
Я думаю, што ён усё такі быў чалавечны, па-першае, і яму было шкада
мяне, відаць, па ўзросьце. Хлапчанё такое – я быў вельмі танклявы, хударлявы.
Пасьля ўжо, калі пазнаёміліся больш гаворкамі – а ўсё-ткі я мог хоць нешта
распавядаць яму і, прызнаюся, распавядаў яму рукамі і нагамі, ад чаго ён
рагатаў страшэнна. Таму што я хоць і вывучаў нямецкую мову, будаваць фразу
не магу. Гэта была вельмі сьмешная гаворка.
Але я яму адкрыўся, хто я. Ён ведаў, што я студэнт старэйшых курсаў,
што паводле адукацыі я павінен быць вот-вот настаўнікам, і, відаць, у гэтым
сэнсе ў яго было спачуваньне. І яшчэ, мабыць, і другое. У яго была дачка
майго ўзросту. І ён пару разоў нават мне гаварыў такія рэчы: “Знаеш што,
Нікалаўс, вот кончыцца гэта ўсё, застанесься тут у Нямеччыне…” Я думаю,
што і гэта было…
Але ўсё такі гэта – чыста чалавечыя якасьці. Я ўпэўнены, што каб там
побач хадзілі немцы, ён бы гэтага не зрабіў.
Мікола Аўрамчык