Гэтая падзея была ўжо 10 год таму, і зьвязаная яна была з тым, што ў нас
у горадзе праводзіўся ўстаноўчы сход Таварыства Беларускай Мовы. Мяне запрасіў
туды Яраслаў Клімаць, загадчык катэдры мовы нашага філфака Пэдадагічнага
інстытута тады, зараз унівэрсытэта. Я прыйшла туды не адна, прыйшла са
сваімі выхаванцамі, але ўразіла мяне і засталося ў памяці надоўга тое,
што сярод сталых людзей, выкладчыкаў, журналістаў, мастакоў было многа
дзетак-школьнікаў.
І вось выступ аднаго зь іх (яго звалі Андрусём) – я нават ня памятаю,
здаецца гэта быў вучань 37-й школы, можа 9-га, можа 8-га кляса – але ведаеце,
сярод усіх гэтых дарослых людзей ён выйшаў на трыбуну і загаварыў на нейкай
незвычайнай беларускай мове – вельмі мілагучнай, вельмі чыстай… Мяне гэта
так уразіла, што я вось зараз так добра ўсё памятаю. Я ня ведаю, як апісаць
тое, што я адчула: замілаваньне, сорам за сябе, што я не валодаю такой
мовай у свае гады, нейкую гордасьць, што ёсьць такія людзі: яны маладзейшыя
за мяне, але ж з такім добрым веданьнем і з такімі добрымі адносінамі да
свайго роднага. Прозьвішча яго на жаль ня памятаю, але вось ягоны выступ
на тым сходзе, яго словы, яго мова – гэта ўсё мяне ўзрушыла так, што я
палічыла, што сама павінна штосьці рабіць, ну нельга далей так жыць.
Потым былі вандроўкі па Беларусі, і вы ведаеце, пражыўшы амаль поўстагодзьдзя,
я была ўзрушаная, што мая рэспубліка такая багатая, што наш народ такі
багаты. Гэта можа падацца сьмешным – багаты на руіны. Але якія руіны! Момант,
які мяне таксама ўзрушыў, гэта сустрэча з Ружанамі, з тым, што калісьці
называлася маленькім беларускім Вэрсалем. Я вось пражыла столькі – я ня
думала, што я гэта ўсё пабачу. Я, ведаеце, стала іншым чалавекам.
Тацяна Арасланава, Магілеў
Самае папулярнае
1