У другой палове 70-х гадоў, калі я ўжо пачаў працаваць у Акадэміі Навук,
навукоўцаў і асьпірантаў пасылалі на сельгаспадарчыя працы. У той час ужо
чамусьці пасылалі не на бульбу, а на сена. І гэткім чынам мы патрапілі
ў адну беларускую вёсачку.
Была гэта зусім невялікая вёска, і было відавочна, што яна ўжо зазнала
працэс міграцыі – заставаліся ў ёй адно толькі старыя людзі ці людзі сталага
веку, за выключэньнем трох асобаў – нейкага звольненага вайскоўца, які
большы час быў п’яны ці нападпітку, і дзьвюх малых асобаў – брата і сястры.
Былі гэта крыху дзіўнаватыя людзі, апраналіся яны вельмі ахайна, нават
мелі прасьветленыя рысы твару, але было відавочна, што гэтыя маладыя людзі
былі зь яўнымі разумовымі пашкоджаньнямі.
А жылі мы ў старога дзядка – дзядок быў яшчэ моцны, у розуме, але трымаўся
крыху адасоблена і зусім не камунікаваўся з намі. Аднойчы, выпіваючы, мы
яго запрасілі да сябе. Дзядок, крыху выпіўшы, пачаў распавядаць пра сваё
жыцьцё і высьветлілася, што некалі меў ён зямлю, потым, пасьля другой Сусьветнай
вайны, некалькі гадоў адседзеў у савецкіх лягерах, а потым вярнуўся ў сваю
вёску і працаваў у калгасе. Уразіла ягонае сьціслае рэзюмэ свайго жыцьця,
калі ён сказаў, што за царскім часам быў ён Баранавым і жыў не зусім кепска,
за палякамі ён стаўся панам БАранам, а калі прыйшлі саветы, дык і зусім
стаўся БарАнам.
Алесь Анціпенка, Менск
Самае папулярнае
1