На месцы Пікара і Ўэлша паўночнакарэйскія дасьледнікі, мусіць, сталі б на калені і падзякавалі б Кім Ір Сэну, які акурат у тым годзе кіраваў агульным сходам партарганізацыі сяла Чхонсан, за падтрымку і нястомны клопат. Французы... Не, пра французаў лепш ня будзем. Расейцы, відавочна, адкаркавалі б прызапашаную гарэлку і ўпіліся б у мат, так што падняць іх назад было б ужо немагчыма. Ну, а беларусы, відаць, адкаркавалі б сам апарат, каб зладзіць у западзіне імправізаваную рыбалку. Пагатоў і тут, на прыдоньні сьпіннога мозгу плянэты, былі знойдзеныя жывыя арганізмы — напрыклад, гэтыя дзіўныя пляскатыя рыбіны, што павольна кружлялі вакол замерлага батыскафа...
«Трыест» апускаўся на дно больш за чатыры гадзіны, а на пад’ём часу спатрэбілася амаль на гадзіну меней. Адкуль ён узяўся? Зь якіх фантазій і мараў? А вось тут можна і пра французаў. Хаця б пра аднаго — пра Жуля Вэрна, імя якога так ня хочацца скланяць. Я ўпэўнены, што Пікар і Ўэлш чыталі яго — у тым узросьце, калі трэба. Усё пачынаецца зь дзіцячых кніг, прачытаных зімовым вечарам, з жаданьня трапіць туды, пад вокладку. З наўтылюсаў і вандроўнікаў па часе. Зь вечнага поклічу таямніцы. З гіпнозу глёбусаў і картаў.
Самае сіняе месца на мапе. Злавесна і прыцягальна сіняе. Мірны блакіт згушчаецца да пагрозьліва-цёмнай хмары, пляма, выцягнутая, як месца караблекрушэньня, як вір забыцьця, як застылая штармавая хваля. Дзьверы ў таемны пакой, сховішча Атлянтыды. Вада, якая забівае. Проста вада. Шмат вады.
«Трыест» правёў у самым глыбокім месцы плянэты ўсяго дваццаць хвілін. І гэтыя хвіліны рыхтаваліся некалькі сотняў тысяч гадоў. Я думаю пра тое, ці адчувалі яны адзіноту там, у глыбіні? Чым быў іхны страх — страхам вышыні ці страхам сьмерці? Як гэта: ведаць, што самае сіняе месца на мапе ахутвае цябе і сьціскае ў сваіх дужых, задушлівых абдымках? І яшчэ думаецца чамусьці пра тое, што гэты чакаляд, які трошачкі падтаваў у іхных пальцах, і хруст гэтай фальгі, напэўна, надавалі ім спакою — і пакуль яны клалі яго ў рот і хрусьцелі фальгой, іх страхавала ўсё чалавецтва. Нават калі яно само пра гэта і не здагадвалася.