Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фокус з цыліндрам


Усё геніяльнае — ня толькі проста, часам яно яшчэ мае цыліндрычную паверхню і дзьве паралельныя плоскасьці, якія яе перасякаюць. 15 студзеня 1797 году лёнданскі капялюшнік Гэдэрынгтан пачаў продаж абсалютна новага галаўнога ўбору. Майстар даўно задумваў ашчасьлівіць моднікаў якой-небудзь навінкай, вынікам свайго вялацякучага раману з геамэтрыяй... І вось на ягоны загад былі створаныя пробныя партыі шаўковых ромбаактаэдраў, скураных трапэцый і паркалёвых дэльтаідальных ікасітэтраэдраў — але, сем разоў адмераўшы і адзін адрэзаўшы, капялюшнік пабачыў на стале цыліндар і вырашыў на гэтым спыніцца.

Мода ёсьць гульнёй у кубікі, і калі нейкі капрызны кубік не становіцца на іншы, па ім заўжды можна стукнуць малатком. У самой форме цыліндра, якая, як вядома, зьяўляецца непрыстойна цыліндрычнай, тагачаснае грамадзтва пабачыла не абы-які выклік сабе і сваім галоўным каштоўнасьцям. А калі гэты выклік яшчэ і тырчыць на галаве, як кандзібобер... «Вы б яшчэ бідэ на макаўку насунулі, сэр»... Першы пакупнік крамы Гэдэрынгтана, які рызыкнуў зьявіцца ў абноўцы на Стрэндзе, быў арыштаваны і заплаціў немалы штраф: за парушэньне грамадзкага спакою. Можна толькі ўявіць сабе, што пагражала б небараку, калі б у яго на галаве зьявіўся дэльтаідальны ікасітэтраэдар. Высылка на катаргу ў яшчэ не адкрытую тады як сьлед Аўстралію, ня менш. У Букінгэмскім палацы нават стварылі адмысловыя лятучыя атрады з навучэнцаў іст-эндзкіх ПТВ, якія ладзілі рэгулярныя аблавы на самых адважных лёнданскіх дэндзі і ў цёмных завулках і казённымі нажніцамі карацілі іхныя цыліндры да звычайных памераў. Таму ня дзіва, што першыя цыліндры не атрымалі шырокага распаўсюду — каму ж хацелася непрыемнасьцяў з продкамі Джоні Ротэна...

Да ўспрыманьня цыліндраў ня толькі ў выглядзе піўных бочак, але і на чалавечых галовах грамадзтва сасьпела толькі праз дваццаць гадоў. Ахвярай гэтага прызнаньня зрабіліся бабры, а таксама капялюшнікі. Бабровая скура апрацоўвалася для вырабу модных капелюшоў з дапамогай ртуці, і бедныя майстры, нанюхаўшыся яе выпарэньняў, хутка страчвалі розум і пачыналі блытаць цыліндар з цэлібатам і няпэўна ўжываць неазначальныя артыклі. Гэта з тых жудасных часоў бярэ свой пачатак ангельскі выраз «дурны, як капялюшнік». І незабыўны кэралаўскі пэрсанаж, які любіў паўтараць, што «таму, хто ў сваім розуме, я наўрад ці прысьніўся б». Бо «ёсьць краіна, якую не знайсьці нідзе на зямлі, і каб выжыць тамака, трэба быць такім вар’ятам, як капялюшнік». Цікава, што за край ён меў на ўвазе? Усё адтуль: і шапка Чэмбэрлена, зь якой ён выпусьціў некалі сваіх падробных галубоў «міру для Эўропы», і той галаўны ўбор Самага Галоўнага Буржуіна, куды, як вядома, зьмяшчалася вялікая бочка варэньня і цэлы кош пячэньня, і нямецкая чака, і каскі сучасных фокусьнікаў — на выпадак, калі фокус раптам не атрымаецца; і тое, што дагэтуль надае жакею на выездцы ваісьціну конскую сілу.

Сумую па тых часах, калі такі адмысловы ўбор не падаваўся нікому сьмешным. На старых здымках цыліндар робіць элегантным нават Ясеніна. Часам яго вельмі не хапае — калі думкі не зьмяшчаюцца ў галаве і патрабуюць больш прасторы... Але, на жаль, цяпер толькі і застаецца, што прыгадваць простую формулу: Sp = 2πRh + 2πR2 = 2πR(h + R), дзе + значыць плюс, = знак роўнасьці, а ўсё астатняе ёсьць наборам нейкіх лічбаў і літар, сэнс якіх мне цяпер цяжка патлумачыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG