Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра сьцягі і перасьцярогі


Сёньня спаўняецца роўна дзевяць гадоў з таго дня, як свой дзяржаўны статус атрымаў адзін з самых прыгожых сучасных сьцягоў у сьвеце — грузінскі. Як на мой густ, дык і самы прыгожы — пасьля беларускага, вядома. Нездарма ў іх аднолькавая колеравая гама. Цяжка сабе ўявіць, каб нейкія барбары, якім раптам не даспадобы прыйдзецца грузінская палітыка, грузінскае віно, хачапуры, чхурчхела, Мцыры ці яшчэ штосьці зь берагоў Арагвы і Куры, надумалі на арыентальны фасон публічна спаліць сьцяг Грузіі. Спаляць які заўгодна, але толькі не грузінскі. Пакрычаць і разыдуцца — бо нават у барбараў мусіць быць нейкае адчуваньне хараства. Грузінскі сьцяг зь ягонай выкшталцонай камбінацыяй колераў і крыжоў — гэта ня той сымбаль, з засені якога так і карціць уцячы, няважна куды; які ня сорамна назваць анучай і які калі да чагосьці і заклікае сваім выглядам, дык толькі да таго, каб на ім павесіцца. Грузінскім сьцягам можна толькі або любавацца, або ганарыцца — або адначасова любавацца і ганарыцца, калі ты грузін (праўда, верагоднасьць нарадзіцца ім даволі малая).

Памятаю, як тады, у 2003-м, мы шчыра радаваліся за грузінаў — як за сваіх. Потым была вайна — і грузінскі сьцяг, мала таго што прыгожы, дык зрабіўся яшчэ і сьцягам свабоды і супраціву. Пэўне ж, ёсьць за што парадавацца і цяпер, хаця, кажуць, тамтэйшая рэвалюцыя пасьпяхова зьела сваіх дзяцей разам зь іхнымі ружамі, а прэзыдэнт Саакашвілі з прыязнасьцю адгукаецца пра РБ на БТ, гуляючы ва ўсе гэтыя брыдкія гульні. Ну, ды гэта справа саміх грузінаў. Рэвалюцыя была. Новы грузінскі сьцяг прыйшоў на зьмену старому, меншавіцкаму (чамусьці прыгадваецца Ўладзімер Арлоў і «джорджыян мэншэвікс» зь ягонага тэксту пра вучобу ў БДУ). Той меншавіцкі сьцяг — чыста эстэтычна — выглядаў дзіўнавата. Спадзяюся, зьмена сьцяга — не адзінае дасягненьне Міхаіла Саакашвілі. Але, відаць, самае запамінальнае. Так ужо пабудавана чалавечае вока.

Сьцяг на грузінскай амбасадзе ў Менску
Сьцяг на грузінскай амбасадзе ў Менску
Часам я думаю, што калі б галоўны айчынны аматар чырвона-зялёных колераў узяў і вярнуў сваім падданым іхны сапраўдны сьцяг (а заадно і герб з адзінай дзяржаўнай мовай), у Беларусі не засталося б больш ніякай апазыцыі. Эстэтыка — вялікая рэч. Надышлі б часы грамадзянскай згоды і ўсеагульнай кансалідацыі. Адразу было б відаць, якая апазыцыя чаго хоча і якія ў яе насамрэч мэты. Ясна ж, як дзень, што народ беларускі толькі сьпіць і бачыць, як яму вяртаюць сьцяг і мову. У імя грамадзянскай згоды і ўсеагульнай кансалідацыі шмат хто з апантаных апазыцыянэраў пагадзіўся б заплюшчыць вочы на тое, што было, у імя таго, што будзе. І шмат хто — пераважна зь лягеру «інтуітыўных кансэрватараў» — абавязкова сказаў бы: а Рыгорыч, калі падумаць, не такі ўжо й дрэнны мужык. Мы заўжды ведалі, што ён наш. А тое, што рука цьвердаватая была — дык так было трэба, на тым этапе...

Добра, што такі сцэнар абсалютна немагчымы. Бо, здаецца, няма горшага спосабу запэцкаць свой сьцяг, чым аддаць яго ў рукі цяперашняй уладзе. І наогул, для рэалізацыі гэткага сцэнару патрабуецца, дзякуй богу, адна маленечкая, але важная перадумова: Лукашэнка мусіць быць кімсьці іншым, а не Лукашэнкам.

Але ён Лукашэнка і ніхто іншы. Плоць і кроў ад народа. Таму будзем жыць, як жылі. Любавацца грузінскім сьцягам і ганарыцца сваім. Употай. Каб ніхто ня бачыў. Ні сусед, ні валы яго, ні жонка яго, ні рабы яго, ні ягоная новая фотакамэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG