Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэйтынг Лукашэнкі замёр


Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД) апублікаваў вынікі чарговага нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў сьнежні.

Згодна зь ім, 39,1 працэнта апытаных заявілі, што давяраюць кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. Узровень недаверу склаў 49,1 працэнта.

Сацыёлягі адзначаюць, што рэйтынг кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі фактычна «замёр», нягледзячы на дасягненьне да канца году абяцанага 500-даляравага заробку. Паводле гэтага апытаньня, сёньня за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі б 31,5 працэнта, што фактычна не зьмянілася ў параўнаньні з апошнім апытаньнем у верасьні-кастрычніку (тады было 31,6%). Бальшыня апытаных не давяраюць Лукашэнку, адзначае незалежны беларускі сацыёляг Аляксандар Сасноў:

Аляксандар Сасноў
Аляксандар Сасноў
«Цяжка будзе ўладзе падтрымліваць рэйтынг вось такога адзінага палітыка, як Лукашэнка. Грошай няма,таму ніякіх паляпшэньняў ня бачна. Народ гэта таксама разумее, і вось таму рэйтынг застаецца ўжо каторы квартал амаль аднолькавы».

Паводле апытаньня, рэйтынгі лідэраў апазыцыі, як і раней, вагаюцца ад 4,8% у Саньнікава і 4,6% у Някляева да 1,1% у Статкевіча і 0,9% у Лябедзькі. Аляксандар Сасноў так патлумачыў гэтыя лічбы:

«Тут, на мой погляд, нічога не мяняецца, бо апазыцыя ніякіх такіх сур’ёзных дзеяньняў ня робіць. Дый ня можа, бо ўлады зрабілі ўсё з апазыцыяй, каб у досьведзе насельніцтва яна адсутнічала. Ёй перашкаджаюць ва ўсім. Таму я ня думаю, што яе рэйтынг можа падняцца, нават калі жыцьцёвы ўзровень стане яшчэ горшым».




Што да сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне, то бальшыня апытаных, амаль траціна, лічаць, што стане яшчэ горш. А ў тое, што палепшыцца, вераць меней за кожнага чацьвёртага. Галоўным віноўнікам цяперашняга крызісу беларусы называюць прэзыдэнта (41%) і ўрад (39,1%).

Такая сытуацыя назіраецца ўжо даўно, адзначае сацыёляг Сасноў.

«Паколькі ў нас у краіне адзіны палітык, які заўсёды на сябе цягнуў коўдру, то гэта ён усё робіць. Таму і адказвае ён. А што да ўраду, то ўрад не ўспрымаецца нейкай асобнай адзінкай, а як дадатак да прэзыдэнта. І таму яго рэйтынг заўсёды амаль такі ж, як і ў Лукашэнкі, — нэгатыўны. У Беларусі ўсім кіруе прэзыдэнт, а ў яго ёсьць канцылярыя, якая завецца «ўрад».

Як адзначаюць дасьледчыкі НІСЭПД, працягваецца геапалітычны дрэйф беларусаў у бок Захаду. На пытаньне пра выбар паміж аб’яднаньнем з Расеяй і ўступленьнем у Эўразьвяз погляды рэспандэнтаў разьмеркаваліся такім чынам: 37,7% — «за Расею», 43,4% — «за Эўразьвяз».






Тут вялікіх зрухаў няма, адзначае Аляксандар Сасноў:

«Дадзеныя кажуць пра тое, што стаўленьне да аб’яднаньня з Расеяй пагаршаецца, але паступова і зусім нязначна. А кірунак нейкай інтэграцыі ў Эўропу становіцца больш прывабным для беларусаў. Але, зноў-такі, зусім трошкі. То бок ніякіх такіх істотных зьменаў ня бачна».


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG