Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі году: страты-2012


Не ва ўсіх дамах запальваюцца агеньчыкі на ялінках каляднымі вечарамі. Не на сьвяточныя пагасьціны да вясёлых застоліц выпраўляюцца гэтымі днямі многія людзі, а йдуць да магілаў сваіх родных і блізкіх, якія сёлета пакінулі гэты сьвет. Нашая згадка пра некаторых зь іх — як агульны вянок памяці пра ўсіх страчаных у 2012-м беларусах.

Халодным студзенем прыйшла жалобная вестка зь Пінску. Там раптоўна памёр мастак, сябра творчае суполкі «Пагоня» Яўген Шатохін. Прызнаны на радзіме й за мяжой майстра краявіду ды чалавек цьвёрдых нацыянальных перакананьняў пакінуў гэты сьвет у няпоўныя шэсьцьдзесят пяць. Ягоны адыход паклаў пачатак доўгага сёлетняга жалобнага сьпісу беларускіх мастакоў.

У лютым ня стала Тодара Копшы. Дысыдэнт савецкіх часоў, арганізатар і ўдзельнік падпольных выставаў, не зацугляны сацрэалізмам мастак-авангардыст, першы беларускі сюррэаліст застанецца ў гісторыі нацыянальнай культуры як неардынарная творчая асоба.

Верасень стаўся апошнім для скульптара, каваля, рэканструктара сярэднявечнага вайсковага рыштунку і зброі Генадзя Асташонка. Унікальная творчасьць яго ня мела аналягаў у сучасным беларускім мастацтве.

А праз месяц памёр Сяржук Цімохаў. Гаворыць мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

​«Сяржук Цімохаў увойдзе ў гісторыю нашага мастацтва як творца-экспэрымэнтатар. Ягоныя так званыя язычніцкія стоды, якія ён зрабіў, гадамі распрацоўваючы вось такі вобраз Беларусі, які цяжка намацаць, але які можна толькі вычуць, — гэта, канечне, яркая і вельмі яскравая старонка гісторыі нашага мастацтва. Разам з тым, паралельна, мяне асабіста ён заўсёды дзівіў як мастак-лірык, аўтар такіх далікатных, тонкіх „Ню“, зусім нечаканых для ягонага такога імпэтнага паганскага жывапісу, такога нэаязычніцтва. І канечне, яго маштаб як мастака, яго ролю ў нашым мастацтве мы будзем яшчэ доўга пераасэнсоўваць і пераасэнсоўваць».

Беларуская літаратура страціла сёлета паэтку Веру Вярбу. Яна адышла ў лепшы сьвет у ліпені, пакінуўшы несьмяротныя «Ручнікі».

У жніўні раптоўна памёр 45-гадовы спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч, які не пасьпеў парадавацца свайму пісьменьніцкаму посьпеху. Ягоная першая кніга «Проста лепшы» пра хакеіста Руслана Салея выйшла ўжо пасьля сьмерці аўтара.

Складальнік гісторыі Беларусі ў драматычных творах Алесь Петрашкевіч дачакаўся прызнаньня. Адзін з заснавальнікаў Беларускай энцыкляпэдыі, сцэнарыст і публіцыст, ён пайшоў з жыцьця таксама ў жніўні.

Сьпякотным жніўнем загінуў сьпявак Якаў Навуменка. За ягоным імем у жалобным сьпісе стратаў беларускае музыкі ўпісанае імя Уладзімера Пузыні. Пра свайго настаўніка прыгадвае лідар гурту «Стары Ольса» Зьміцер Сасноўскі:

​«Уладзімер Пузыня быў сымбалем, які зьвязваў аж тры пакаленьні музыкаў. Гэта тое пакаленьне — Цітовіч, Лычкоўскі, Жукоўскі, — якія выраблялі народныя інструмэнты, адраджалі і вярталі зь нябыту, у які тыя трапілі ў першай палове ХХ стагодзьдзя. Другое пакаленьне музыкаў — 80–90-х гадоў. І, нарэшце, гэта настаўнік для тых, хто граў на народных інструмэнтах. Уладзімер Пузыня да гэтага моманту быў старэйшым жывым майстрам, які вырабляў такі сымбалічны для Беларусі інструмэнт як дуда. Мы рэгулярна запрашалі яго на дударскі фэст, на канфэрэнцыі. Толькі аднойчы за апошнія шэсьць год ён ня выйшаў і ня граў на сцэне, бо ў яго было кепскае здароўе. Але ён заставаўся сымбалем. Сымбалем, які зьвязваў настолькі розныя часы і настолькі розных людзей».

Сымбалем беларускіх нацыянальных дзеячаў застанецца і Арына Вячорка. Пэдагог, грамадзкая і культурная дзяячка, ініцыятарка адраджэньня беларускае школы, рыцарскага руху, папулярызатарка старадаўняй беларускай музыкі, актывістка першых нефармальных моладзевых суполак «Майстроўня» і «Талака» раптоўна памерла ў красавіку на 51 годзе жыцьця.

Колішні лідэр маладзёвага руху, кіраўнік менскай «Талакі», гісторык і пэдагог, аўтар казак для дарослых і дзяцей Сяргей Вітушка, які памёр у віленскай лякарні 1 ліпеня, застанецца сымбалем мужнай, мудрай, працалюбнай і прыгожай беларускай моладзі.

А Крысьціна Шацікава застанецца сымбалем нястомнай актывісткі грамадзкіх і палітычных вулічных пратэсных акцый. Жыцьцярадасную 37-гадовую Крысьціну сьмерць забрала ў верасьні.

Увосень ня стала Мікалая Мельнікава. Ён стварыў адзіны ў Беларусі грамадзкі музэй Васіля Быкава. Прыгадвае ягоны былы калега па Гарадзенскім унівэрсытэце Аляксей Пяткевіч:

​«Ён нечакана для мяне нават павярнуўся да беларушчыны. Прычым, павярнуўся вельмі рэзка, вельмі шмат рабіў з гэтае пары на глебе прапаганды беларускасьці. А ў апошні час стварыў у Горадні музэй Быкава і наколькі хапала сіл і здароўя фарміраваў гэты невялічкі, пакуль неафіцыйны, але бясспрэчна пэрспэктыўны музэй у Горадні».

Прыгадаць поўны сьпіс імёнаў адышоўшых блізкіх і дарагіх людзей у нас няма мажлівасьці. Але захаваць памяць пра іх у вузкім сямейным коле і ў прасьцягах нацыянальнага нэкралёгу можа кожны і ўсе, хто іх ведаў і страціў сёлета назаўжды.

ВЯНОК ПАМЯЦІ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG