Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загінуў сьпявак Якаў Навуменка

абноўлена

Народны артыст Беларусі памёр сёньня ноччу ў Севастопалі.

Жонка Якава Навуменкі Ала сказала карэспандэнту «Свабоды», што даведалася пра сьмерць мужа каля дзьвюх гадзінаў таму. Яна распавяла некаторыя падрабязнасьці таго, што адбылося:

«Гэта проста выпадковасьць нейкая. Ён адпачываў, паехаў разам з сынам да сваіх сваякоў на дзесяць дзён пакупацца ў моры. Яны слухалі проста вулічнага скрыпача ў цэнтры гораду, быў натоўп людзей. І ў натоўпе яго двойчы ўдарылі. Заўтра да ночы яго цела даставяць самалётам сюды дахаты. А на наступны дзень гадзін у 12 адбудзецца разьвітаньне ў філярмоніі ў Менску».

Kрымінальную справу па факце забойствa Якава Навуменкі расьсьледуе сьледчая ўправа МУС Украіны ў г. Севастопалі.

Сэктар сувязяў з грамадзкасьцю МУС Украіны ў Севастопалі паведамляе, што ўвечары 19 жніўня на плошчы Нахімава адбыўся канфлікт паміж Якавам Навуменкам і неўсталяванай асобай, у выніку якога артыст атрымаў цялесныя пашкоджаньні і быў дастаўлены ў 1-шы гаршпіталь Севастопаля.

Ноччу 26 жніўня Якаў Навуменка памёр у шпіталі. Цяпер па гэтым факце распачатая крымінальная справа па артыкуле «наўмыснае забойства».

Беларускі сьпявак Якаў Навуменка нарадзіўся 28 сакавіка 1959 году ў Воршы.

Вучыўся ў менскай кансэрваторыі, Расейскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, дзе яго настаўнікамі былі Ёсіф Кабзон, Леў Лешчанка, Гелена Веліканава. Ягоныя песьні сьпявалі такія вядомыя калектывы, як ансамблі народнай музыкі «Сьвята» і «Бяседа».

У 2011 годзе Навуменка атрымаў званьне народнага артыста Беларусі. Выступаў сольна і ў складзе Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестру імя Жыновіча.





Паэт Леанід Дранько-Майсюк добра ведаў Якава Навуменку. Ён згадвае:

«Зь месяц таму ён мне тэлефанаваў, прасіў у мяне новыя вершы. Навіна мяне гэтая проста падкасіла. Ён шмат сьпяваў па-беларуску, размаўляў па-беларуску. У яго вымаўленьне было такое мяккае, чыстае, генэтычна беларускае. Ён сябе адчуваў беларускім сьпеваком. Хаця сьпяваў і на расейскай мове. Ён шмат песень сьпяваў з рэпэртуару некалі вельмі папулярнага, цудоўнага савецкага сьпевака Абадзінскага. Але ў асноўным у яго рэпэртуары была беларуская песьня. Ён шмат супрацоўнічаў з нашымі патамі — Леанідам Пранчаком, Алесем Бадаком, Асабліва з Бадаком у яго зьявілася некалькі папулярных песень у пачатку і сярэдзіне 90-х гадоў. Ён быў вельмі кантактны, абаяльны, здавалася, ён ня ўмеў злавацца. Ён выконваў некалькі песень на мае вершы «Вязе мой, вязу», пасьля ён выконваў маю песьню «Аксаміткі», «Хто мае хату». Зь ім было лёгка і на сцэне, і ў жыцьці. Я вельмі шкадую, што здарылася такая трагедыя, такая бяда. І галоўнае, ён з тых артыстаў, якія мелі сваю публіку, яго людзі любілі слухаць. Калі выходзіў на сцэну Якаў Навуменка, то людзі яго прымалі з дарагой, адкрытай, шырай душой. Падабаўся яго голас, артыстызм, яго проста дабрыня. Вельмі шкадую і сумую".

Зьміцер Падбярэскі
Зьміцер Падбярэскі
Вось што пра спадчыну Якава Навуменкі гаворыць журналіст Зьміцер Падбярэскі.

«У самым канцы ліпеня зьявілася інфармацыя пра тое, што Якаў Навуменка першым з беларускіх сьпевакоў пачаў выкарыстоўваць сацыяльныя сеткі для збору і прапаганды айчыннага папулярнага рэпэртуару. З гэтай мэтай на рэсурсе привет.ру (Музыка — лесник) ён заснаваў уласную старонку «Беларуская музычная спадчына», на якой пачаў зьмяшчаць ня толькі запісы беларускіх выканаўцаў мінулага, але й тэксты песень. Патлумачыў сваю ініцыятыву Якаў так: «Я зьдзіўлены тым, што на нашым тэлебачаньні няма праграм, у якіх бы гучалі запісы беларускіх песень хоць бы 70-80-х гадоў. Тэлепубліка ня чуе галасы Віктара Вуячыча, Тамары Раеўскай, Валерыя Кучынскага, Анатоля Падгайскага, Тамары Пячынскай, раньніх „Песьняроў“, „Сяброў“ і „Верасоў“.

Па-сутнасьці, сьпявак прыватным чынам пачаў займацца тым, чым даўно ўжо павінна была заняцца дзяржава. Сёньня немагчыма адшукаць у продажы ноты тых песень, якія можна называць клясыкай беларускага папулярнага рэпэртуары. Запісы многіх твораў маюцца на дзяржаўным радыё і час ад часу гучаць, аднак беларуская музычная спадчына для FM-станцый — абсалютны нефармат. Ну, магчыма, апрача хвалі „Мелодіі века“. У сувязі з гэтым Якаў Навуменка адзначыў: „Маладыя артысты ня маюць нармальнага рэпэртуару, яны просяць: дайце нам старыя песьні! А іх няма дзе ўзяць. Вось чаму я вырашыў зрабіць на сваёй старонцы наладкі, якія дазваляюць спампаваць песьні, вывучыць і развучыць іх“.

У творчай спадчыне самога Якава Навуменкі засталіся магнітальбом „Сіні сон“ ды альбом „Карункі бэзу“, датаваны 2006 годам. Недзе ў гэты ж час ён перадаў на радыё „Свабода“ і падборку песень з уласнага рэпертуару, сярод якіх былі „Колькі год Беларусі“ на вершы Рыгора Барадуліна, „Белы парасон“ ды „Дзіўны лістапад“ на вершы Алеся Бадака, „Мне ўсё верыцца“, „На Нямізе“ на вершы Ўладзімера Мазго і іншыя.

Удзячная справа артыста, які такім вось незвычайным чынам праз сацыяльную сетку дзяліўся уласным досьведам з маладымі сьпевакамі, недарэчна абарвалася. І цяпер зусім невядома, хто ж падхопіць эстафэту Якава Навуменкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG