Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь застанецца без крэдытаў МВФ


Міжнародны валютны фонд раскрытыкаваў беларускія ўлады за аслабленьне манэтарнай палітыкі і абумовіў магчымасьць новых крэдытаў «усеабдымнымі структурнымі рэформамі». Як рэагуюць у Менску на фактычную адмову МВФ ад новага крэдыту?


У 2009–2010 гадах Беларусь атрымала $3,46 млрд. крэдыту МВФ. У траўні 2011 году ўрад і Нацбанк Беларусі падалі ў МВФ заяўку на новы крэдыт памерам ад 3,5 да 8 мільярдаў.

У кастрычніку гэтага году пад час знаходжаньня чарговай місіі МВФ у Менску прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч пацьвердзіў актуальнасьць гэтай заяўкі:

«Мы выйшлі на бездэфіцытны бюджэт, забясьпечваем рост золатавалютных рэзэрваў. Мы лічым, што Беларусь з улікам вялікай праведзенай працы можа разьлічваць на праграму з МВФ. І я думаю, што гэта будзе даведзена да выканаўчых дырэктараў і да палітычнага кіраўніцтва фонду».

14 сьнежня рада дырэктараў МВФ разгледзела вынікі працы сваёй місіі ў Менску і апублікавала заяву, у якой скрытыкавала аслабленьне ўладамі Беларусі грашова-крэдытнай палітыкі, незабясьпечаны рост заробкаў, завышаны плян росту ВУП і заклікала Менск да глыбокіх структурных рэформаў, лібэралізацыі цэн, прыватызацыі. У канцы афіцыйнага паведамленьня МВФ прагучаў адказ на зварот Мясьніковіча аб новым крэдыце:

«Умовай заключэньня новай дамоўленасьці з МВФ павінна быць цьвёрдая прыхільнасьць уладаў да рэалізацыі комплекснага і пасьлядоўнага пакету захадаў палітыкі і структурных рэформаў». Гэтую фразу можна ацаніць як дыпляматычны варыянт адмовы фонду ў новым крэдыце для Беларусі.

17 сьнежня, відаць, ужо валодаючы інфармацыяй пра адмову МВФ у новым крэдыце, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ён і не разьлічвае на новую праграму супрацоўніцтва з фондам:

«МВФ — гэта палітычная арганізацыя. Вось і ўсё. Таму гавораць, раяць нешта — мы слухаем. Нейкая доля справядлівай крытыкі, нармальных прапаноў ёсьць — мы выкарыстаем. Але жыць будзем сваімі мазгамі».

Прэсавы сакратар Нацбанку Беларусі Аляксандар Цімашэнка паведаміў «Свабодзе», што рэакцыі ягонага кіраўніцтва на заяву МВФ пакуль няма:

«Гэтая інфармацыя ёсьць у Нацыянальнага банку. Кіраўніцтва, зразумела, валодае ёю. Калі будзе рэакцыя, вы пра яе даведаецеся».

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
Экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч нічога новага ў заяве МВФ ня бачыць. Фонд увесь час кажа Менску пра неабходнасьць рэформ і пераадоленьне дзяржаўнага манапалізму:

«МВФ патрабуе ажыцьцявіць рэформы, якія б вялі да скарачэньня выдаткаў, канкурэнтаздольнасьці, і каб новыя крэдыты далі эфэкт у выглядзе росту прадукцыйнасьці працы. Фонд патрабуе каб зарплата не расла хутчэй прадукцыйнасьці працы. Гэта аб’ектыўны эканамічны закон, ня выдуманы МВФ».

Станіслаў Багданкевіч лічыць недарэчнымі падазрэньні Лукашэнкі на адрас МВФ аб тым, што там нехта зьбіраецца выкупіць «за бутэльку» прыватызаваныя ў Беларусі прадпрыемствы:

«Гэта з Расеяй наш урад падпісаў дамову аб атрыманьні крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, дзе абвязаўся штогод прыватызаваць на 2,5 мільярда даляраў. Гэта абавязаньне не перад МВФ, а перад Масквою».

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што беларускія ўлады сапраўды спадзяваліся на новы крэдыт МВФ:

«Нашы ўлады ўскладалі надзею ня толькі на выкананьне ці невыкананьне ўмоваў МВФ, а рабілі большы разьлік на геапалітычны гандаль: калі вы ў Расеі такія, то мы пойдзем на Захад, а калі на Захадзе кепскія — то пойдзем на Ўсход».

Падобны разьлік чарговым разам не апраўдваўся, мяркуе Леанід Злотнікаў. Між тым новыя крэдыты Беларусі патрэбныя. У тым ліку, каб вяртаць ранейшыя запазычаньні. На канец году дзяржаўны доўг Беларусі складае 12 мільярдаў даляраў, а валавы зьнешні доўг — 33 мільярды. У 2013 годзе будзе пік выплат па гэтых даўгах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG