Рада дырэктараў Міжнароднага валютнага фонду зноў прыняла да ведама зацікаўленасьць Беларусі ў магчымай новай крэдытнай праграме. Разам з тым, у паведамленьні МВФ па выніках абмеркаваньня Выканаўчай Радай дырэктараў фонду чарговага маніторынгу з Беларусьсю гаворыцца, што беларускія ўлады «паслабілі грашова-крэдытную палітыку і дапусьцілі паскораны рост зарплаты, што ў сукупнасьці з плянамі паскоранага росту ВУП можа прывесьці да аслабленьня плацежнага балянсу, узмацненьня інфляцыі і стварыць пагрозу для ўстойлівай даўгавой сытуацыі». Якія тэндэнцыі ў беларускай эканоміцы найперш адзначае МВФ? Ці можа афіцыйны Менск разьлічваць на чарговы крэдыт ад Фонду? На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.
— Нягледзячы на нядаўнія даволі рэзкія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра МВФ, беларускія чыноўнікі працягваюць супрацоўніцтва з Фондам. Чарговая місія МВФ пад кіраўніцтвам Дэвіда Хофмана працавала ў Беларусі 18–29 кастрычніка. Абмеркаваньне вынікаў маніторынгу Выканаўчай Радай МВФ адбылося 14 сьнежня. Якія тэндэнцыі ў эканамічным жыцьці Беларусі адзначылі адмыслоўцы фонду?
— Яны адзначылі як станоўчы факт тое, што Беларусь даволі пасьпяхова змагаецца зь інфляцыяй, якая сёлета складзе каля 20 працэнтаў. Не спадабалася тое, што на наступны год Беларусь зноў закладвае нерэальныя тэмпы росту ВУП. На 2012 было закладзена 5,5 працэнты, але мы выходзім толькі на 2 працэнты. І я лічу, што ня трэба нам гнацца за высокімі тэмпамі, вызначанымі на наступны год — 8,5 працэнта. На гэта зьвярнуў увагу і МВФ
— Так, на думку дырэктараў МВФ, «пастаўленыя ўладамі празьмерна высокія мэтавыя паказчыкі эканамічнага росту могуць паслабіць стан плацежнага балянсу, падштурхнуць інфляцыю і стварыць пагрозу для ўстойлівасьці даўгавой сытуацыі.
— Я лічу, што гэтая выснова МВФ цалкам слушная. Бо, каб забясьпечыць такія высокія тэмпы росту, у нас няма рэальных крыніцаў. Як паказвае беларуская практыка, галоўная крыніца адна — зьнізіць стаўку рэфінансаваньня, зрабіць танныя крэдыты і адкрыць гэтак званая эмісійнае крэдытаваньне, якое не забясьпечана рэсурсамі. І за кошт напампоўваньня эканомікі выйсьці на больш высокія тэмпы росту.
Чым гэта можа закончыцца, паказаў 2011 год, калі абвалілі курс і фінансавую стабільнасьць. І пра гэтую небясьпеку нагадвае МВФ.
— Рада МВФ «прыняла да ведама» зацікаўленасьць Беларусі ў новай крэдытнай праграме. Ці можна даць прагноз — ці можа Беларусь бліжэйшым часам атрымаць крэдыт МВФ, нават пры самым аптымістычным сцэнары?
— МВФ нас крэдытаваў — ня так гэта даўно і было. І галоўнае патрабаваньне Фонду — праводзіць больш жорсткую манэтарную палітыку. Утрымліваць у прыстойных рамках інфляцыю. Таму МВФ наўпрост заяўляе, што 8,5 працэнтаў росту ВУП і адначасова 12 працэнтаў інфляцыі (гэта пляны беларускага ўраду на 2013 год) — гэта немагчыма зрабіць. Гэта ўзаемавыключальныя паказьнікі. І калі ўрад адмовіцца ад гэтых дырэктываў росту ВУП і будзе лічыцца з рэаліямі — то тады МВФ можа зноў разглядзець праграму фінансаваньня Беларусі.