Лінкі ўнівэрсальнага доступу

226 гадоў таму ў Эўропе ўпершыню скасавалі сьмяротнае пакараньне


На знак пратэсту супраць сьмяротнага пакараньня ў 1500 гарадах у 90 краінах сьвету, якія адмовіліся ад найвышэйшай меры пакараньня, запаляць зьнічкі каля славутых помнікаў архітэктуры.

Міжнародны дзень «Гарады за жыцьцё. Гарады супраць сьмяротнага пакараньня» прымеркаваны да гадавіны першай адмены гэтага віду кары ў эўрапейскай дзяржаве. Гэта сталася ў 1786 годзе ў Тасканскім княстве ў Італіі.

У Беларусі пакараньне сьмерцю практыкуецца дагэтуль. Тым ня менш у нас таксама адзначаюць гэты дзень.

Актывісты кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» плянуюць сёньня ў Менску правесьці акцыю.

Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда кажа, што беларусы павінны памятаць пра гэты дзень са спадзевам на будучыню:
Мы вельмі спадзяемся, што Беларусь у хуткім часе адмовіцца ад гэтай страшэннай практыкі — вырашаць за іншага чалавека, жыць яму ці ня жыць

«Гэтая акцыя штогод адбываецца 30 лістапада ў краінах, дзе адмененае сьмяротнае пакараньне. Мы ж далучаемся, таму што вельмі спадзяемся, што Беларусь у хуткім часе адмовіцца ад гэтай страшэннай практыкі — вырашаць за іншага чалавека, жыць яму ці ня жыць. Першым крокам мог бы стаць мараторый на сьмяротнае пакараньне, а наступнай, ужо тлустай кропкай — адмена. Менавіта з такім спадзяваньнем мы далучаемся».

Сёньня Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе і СНД, у якой караюць сьмерцю.

Апошні раз найвышэйшая кара была ўжытая да Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава, якіх расстралялі, абвінаваціўшы ў тэрарыстычных дзеяньнях у менскім мэтро. Камітэт па правах чалавека ААН, разгледзеўшы зварот сваякоў Кавалёва, палічыў справу сфабрыкаванай.

Паводле зьвестак «Міжнароднай амністыі» і кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана сьмерцю больш за 400 чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG