Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу Любові Кавалёвай за месяц разгледзець не змаглі


Любоў Кавалёва
Любоў Кавалёва

Вярхоўны суд паведаміў маці Ўладзіслава Кавалёва, пакаранага сьмерцю па справе аб выбуху ў менскім мэтро, што наглядная скарга на сьмяротны прысуд знаходзіцца на разглядзе.

А ў сувязі зь неабходнасьцю «дадатковага вывучэньня матэрыялаў крымінальнай справы» тэрмін вырашэньня скаргі падоўжаны. Аб прынятым рашэньні будзе паведамлена дадаткова.

Любоў Кавалёва паведаміла «Свабодзе», што ў зьвязку з гэтым 8 лістапада перадала скаргу ў Генпракуратуру, бо Вярхоўны суд павінен быў разабрацца цягам месяца ад моманту падачы скаргі.

Любоў Кавалёва: «Наглядную скаргу я падавала напрыканцы верасьня. І празь месяц прыйшла гэтая адпіска. Яны ня мелі права выконваць сьмяротны прысуд, пакуль мы не скарыстаем усе сродкі абароны. Але тады яны вельмі сьпяшаліся. Падаць наглядную скаргу павінен быў яшчэ сам Улад і ягоны адвакат. Але адваката да Ўлада тады не пусьцілі для напісаньня нагляднай скаргі. Адвакат спрабаваў патрапіць, але Ўлада ўжо не было ў жывых. Яны ўсё разьлічылі і ўсё расплянавалі».

У скарзе былі выкладзеныя парушэньні крымінальна-працэсуальнага кодэксу падчас сьледзтва і суду над Уладзіславам Кавалёвым.

Згадваецца і відэазапіс з мэтро з элемэнтамі мантажу, і вынікі экспэртызы, згодна зь якімі ні на вопратцы, ні на целе ў Дзьмітрыя Канавалава і Ўлада Кавалёва ня выяўлена сьлядоў выбуховых рэчываў. Таксама ў скарзе гаворыцца, што Кавалёва фактычна пазбавілі права на абарону: пакуль вялося сьледзтва, адваката да Ўлада дапусьцілі толькі адзін раз. Адвакат мог сустракацца з падабаронным толькі падчас сьледчых дзеяньняў, а ў судзе такая магчымасьць давалася, калі Кавалёва прыводзілі ў клетку перад пачаткам працэсу. Нічога не зьмянілася і пасьля вынясеньня прысуду: адваката не пускалі ў СІЗА КДБ. Акрамя таго, на судзе большасьць хадайніцтваў абароны былі адхіленыя.

11 красавіка 2011 году на станцыі «Кастрычніцкая» мэтрапалітэну спрацавала магутнае самаробнае выбуховае прыстасаваньне. 11 чалавек загінулі на месцы. Вінаватымі ў тэракце суд прызнаў Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Яны былі асуджаныя да сьмяротнага пакараньня. 17 сакавіка 2012 году стала вядома, што прысуды прыведзеныя ў выкананьне.

7 кастрычніка ў Амстэрдаме Любоў Кавалёва агучыла пачатак кампаніі «Вярніце цела». Кампанія ўключае ў сябе тры аспэкты: выдачу цела Ўлада Кавалёва сям’і для пахаваньня і адмену сьмяротнага пакараньня ў Беларусі; вяртаньне целаў выкрадзеных і забітых апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі і справядлівае расьсьледаваньне акалічнасьцяў іх сьмерці; вызваленьне палітвязьняў, кожны зь якіх цяпер у небясьпецы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG