Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бярэзіна — па-француску значыць «катастрофа»


На мэмарыялах Студзёнка и Брылеўскае поле ў Барысаўскім раёне ўшанавалі воінаў францускай і расейскай армій 1812 года.

Роўна 200 гадоў таму Вялікую армію Напалеона чакаў разгром на беларускай рэчцы Бярэзіне. У часе пераправы праз забалочаную раку, якая доўжылася некалькі лістападаўскіх дзён 1812 года, загінула каля 40 тысяч салдат французскай арміі.

Сёньня на гэтым месцы адбыліся мітынг-рэквіем, ўскладаньне вянкоў і тэатралізаваная рэканструкцыя тых падзей. Ушанаваньне воінаў было арганізаванае ўладамі Беларусі. На Брылёўскае поле прыехала некалькі тысяч чалавек, зь іх больш за сто ўдзельнікаў ваенна-гістарычных клюбаў зь Беларусі, Расеі, Польшчы, Францыі, Бэльгіі і Швайцарыі.

Мірэй Мюсо, былая амбасадарка Францыі
Мірэй Мюсо, былая амбасадарка Францыі


На ўрачыстасьці прыехала некалькі сотняў французаў — паведаміў «Свабодзе» адзін з гасьцей, нашчадак малодшага брата імпэратара Напалеона І Шарль Банапарт.

Ён упершыню ў жыцьці пабачыў Бярэзіну і быў вельмі ўражаны:

Шарль Банапарт
Шарль Банапарт
«У мяне так шмат эмоцыяў. Для нас Бярэзіна зьяўляецца нечым з шэрагу мітычных рэчаў. Гэта канец авантуры. У францускай мове слова Бярэзіна абазначае вялікую катастрофу. Калі ж я ўбачыў гэтую раку, то зразумеў, што гэта невялікая рака. І я зразумеў, наколькі былі стомленымі людзі, змучанымі гэтай расейскай кампаніяй, калі яны тут згінулі, гэта для іх было сапраўды фінальным пунктам».

Шарль Банапарт агледзеў мэмарыялы расейскім, францускім воінам на берагах Бярэзіны і зазначыў:

«Для мяне галоўнае, каб да гэтых помнікаў прыходзілі людзі, аддавалі ім шану, каб іх наведвалі турысты. І трэба каб была камунікацыя, каб людзі ведалі, дзе што можна тут убачыць, каб была інфармацыя на гэты конт на розных мовах».

Спадар Банапарт зьяўляецца намесьнікам мэра аднаго зь невялікіх францускіх гарадоў і мае свой бізнэс у Парыжы.

Ля помніку расейскім воінам
Ля помніку расейскім воінам


Мэмарыял «Брылёўскае поле» ў гонар 200-гадовага юбілею пераправы Вялікага войска Напалеона быў упрыгожаны беларускім, расейскім і французскім сьцягамі. Прадстаўнікі гэтых трох краін усклалі вянкі і кветкі да манумэнтаў расейскім і французскім салдатам і да агульнага манумэнту смутку. За некалькі тыдняў да юбілею на берагах Бярэзіны каля вёскі Студзёнка былі пахаваныя знойдзеныя тут парэшткі 110 французскіх салдат 1812 года.

Ля помніку французскім воінам
Ля помніку французскім воінам


Старшыня Менскага аблвыканкама Барыс Батура, выступаючы на мітынгу памяці, заявіў, што ў той вайне прымалі ўдзел і продкі беларусаў, прычым на баку абедзьвюх армій — расейскай і французскай:

«Нельга адмаўляць, што частка беларускага насельніцтва вітала Напалеона, як нельга адмаўляць і тое, што ў расейскай арміі ваявалі палкі, набраныя з рэкрутаў беларускіх губерняў. Жыхары беларускіх зямель апынуліся паміж жорнамі двух войскаў. Ад многіх гарадоў і вёсак тады засталіся папялішчы, а насельніцтва краю скарацілася на траціну ».

Пасол Францыі ў Менску Мішэль Рэнэры заявіў на гэтым мітынгу:

«Цяпер тут ціха. Крыкі аціхлі, але мы не забыліся безабаронных ахвяр гэтай пагоні. Мы захоўваем памяць пра вас і молімся аб вас. Чамусьці ў французскай мове слова „Бярэзіна“ азначае толькі катастрофу. Хоць, калі разабрацца, верныя салдаты Напалеона зьдзейсьнілі тут вялікі подзьвіг — знаходзячыся амаль у поўным атачэньні, яны выратавалі свайго імпэратара. Я кланяюся вам, салдаты абедзьвюх армій ».

Амбасадар Францыі Мішэль Рэнэры
Амбасадар Францыі Мішэль Рэнэры
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG