Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беспакаранасьць у Беларусі звыклая рэч


23 лістапада — Міжнародны дзень супраць беспакаранасьці. Гэтая дата адзначаецца ад 2011 году з ініцыятывы Міжнароднай асацыяцыі ў абарону свабоды слова (IFEХ).

Нагодай сталася масавае забойства журналістаў на Філіпінах 23 лістапада 2009 году. Пацярпелыя за свабоду слова і думкі ў Беларусі заяўляюць, што цяпер у краіне прыцягнуць да адказнасьці вінаватых ў такіх парушэньнях немагчыма.

Сёлета ў верасьні мастак Алесь Пушкін быў зьвінавачаны ў правядзеньні пікету і пакараны 10 суткамі арышту за тое, што разам зь іншымі мастакамі прайшоў з партрэтам актывіста антысавецкага супраціву Расьціслава Лапіцкага па вуліцах Смаргоні. Алесь Пушкін заявіў, што сродкамі выяўленчага мастацтва выказаў сваю думку аб неабходнасьці ўшанаваньня памяці Расьціслава Лапіцкага. Пакараньне за гэта, вынесенае Смаргонскім судом, ён лічыць незаконным:

Алесь Пушкін
Алесь Пушкін
«Падаў на абскарджаньне ў абласны суд, і абласны суд за подпісам судзьдзі Скока пакінуў гэты прысуд бязь зьменаў. Пасьля я зьвярнуўся да старшыні Гарадзенскага абласнога суду, каб ён перагледзеў гэтую справу, і ён таксама пакінуў бязь зьменаў. Вэрдыкт такі, што мы правільна пакаралі вас. Што мастакі насілі партрэт і будзілі памяць пра рэпрэсаванага — за гэта дзяржава правільна пакарала вас. Зараз я буду зьвяртацца ў Вярхоўны Суд. Калі і Вярхоўны Суд пакіне ўсё бязь зьменаў, то ў мяне будзе абгрунтаванае права на любых міжнародных выставах канстатаваць, што дзяржава ў нас застаецца нэасталінскай і што рэпрэсіі ў нас могуць распачацца ў любы час».

Таксама сёлета ў верасьні супрацоўнікі спэцслужбаў зьбілі фотакарэспандэнта Associated Press Сяргея Грыца. Яму разьбілі твар і акуляры за тое, што фатаграфаваў пікет актывістаў моладзевай арганізацыі «Зьмена» за байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў. Журналіст таксама паспрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасьці:

Сяргей Грыц пасьля зьбіцьця міліцыянтамі
Сяргей Грыц пасьля зьбіцьця міліцыянтамі
«Я напісаў заяву ў міліцыю, і мне адказалі, што нічога не было: ужываньня сілы і нанясеньня мне траўмаў ня выяўлена. Нейкі міліцэйскі начальнік падпісаў — і ўсё».

Сяргей Грыц паведаміў, што ня будзе працягваць спробаў пакараць вінаватых за сваё зьбіцьцё, бо не спадзяецца на выніковасьць гэтых намаганьняў.

Музыка Зьміцер Вайцюшкевіч, чые канцэрты сыстэматычна забараняюцца зь невядомых для яго прычын, нават не спрабаваў пакараць вінаватых, бо таксама ня верыць у перамогу справядлівасьці:

Зьміцер Вайцюшкевіч
Зьміцер Вайцюшкевіч
«Літаральна штомесяц мае пасланцы ідуць і запытваюць: можна канцэрт Вайцюшкевіча? А ў адказ — не, няможна! Бо ў іхным разуменьні — я адзін зь „пятакалёншчыкаў“ ці нешта такое. Я з восені проста кінуў гэтае змаганьне, бо ў нас не працуе закон, а працуе штосьці іншае».

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька шмат разоў зьвяртаўся ў праваахоўныя органы і суд з намерам прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі і журналістаў БТ за неправамерныя дзеяньні і паклёп, аднак усе ягоныя намаганьні засталіся безвыніковымі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька
«Посьпеху ў Беларусі ня будзе ні ў кога — гэта тупіковы шлях. Бо існуе велізарная карпарацыя хлусьні і беззаконьня. Калі ёсьць хлусьлівыя выказваньні ці дзеяньні, якія парушаюць канстытуцыйныя правы чалавека, і вы фармулюеце прэтэнзіі ў судовым парадку, то людзі, якія там працуюць, становяцца побач з тымі, да каго вы выказваеце свае прэтэнзіі. Гэткім чынам, існуюць тысячы і дзясяткі тысяч людзей, якія абслугоўваюць гэтую карпарацыю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG