Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць урокаў Газы


Паводле Тобіяса Бака, карэспандэнта Financial Times у Ерусаліме, цяперашні ізраільска-палестынскі збройны канфлікт у паласе Газы даў як мінімум пяць урокаў як ангажаваным у канфлікт бакам, так і ўсім назіральнікам.

Урок першы: Ізраіль, які дамовіўся з палестынцамі аб спыненьні агню, зразумеў, што ён ня можа канчаткова выйграць вайну з ХАМАСам і дайшоў да высновы, што «малая вайна зь невялікімі здабыткамі» зьяўляецца лепшай, чым «вялікая вайна з малымі здабыткамі».

Урок другі: Нягледзячы на тое, што Ізраіль, ЗША і Эўразьвяз лічаць ХАМАС тэрарыстычнай арганізацыяй, у арабскім і мусульманскім сьвеце гэтая арганізацыя даўно ўжо перастала быць палітычнай парыяй і лічыцца сур’ёзным палітычным гульцом.

Урок трэці: Прэзыдэнт Эгіпту Мухамэд Мурсі здаў свой першы міжнародны экзамэн, пасылаючы свайго прэм’ер-міністра ў Газу і дапамагаючы абодвум бакам канфлікту хутка заключыць перамір’е.

Урок чацьверты: Кіраўнік Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас у выніку гэтага канфлікту моцна страціў свой уплыў і аўтарытэт. Паводле карэспандэнта Financial Times, палестынцы доўга не забудуць свайму прэзыдэнту таго, што ён не наведаў паласу Газы ў часе, калі на яе падалі ізраільскія ракеты і снарады. Ягоная адсутнасьць была асабліва відавочная на фоне візыту ў Газу падчас бамбардаваньняў шмат якіх арабскіх лідэраў і высокіх афіцыйных асобаў.

Урок пяты: Ізраільская новая сыстэма супрацьракетнай абароны, «Iron Dome», пасьпяхова прайшла выпрабаваньне агнём. У выніку абстрэлу палестынцамі Ізраілю загінулі ўсяго трое ізраільцян, а пераважная большасьць палестынскіх ракетаў была перахоплена гэтай сыстэмай на шляху да жылых кварталаў. Як мяркуюць экспэрты, гэты факт паспрыяў таму, што ізраільскія вайскоўцы адмовіліся ад збройнага ўварваньня на палестынскую тэрыторыю і пагадзіліся заключыць перамір’е.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG