Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў. Актывіст БХД паскардзіўся на КДБ


Алёг Аксёнаў
Алёг Аксёнаў
21 лістапада сябра аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» з Магілёва Алёг Аксёнаў зьвярнуўся ў суд і пракуратуру з скаргай на рашэньне абласнога КДБ, паводле якога актывіста паставілі на прафіляктычны ўлік.

Аксёнава зьвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі і папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць.

Актывіст заяўляе, што вінаватым сябе ня лічыць, а абвінавачваньні супраць сябе лічыць парушэньнем сваіх канстытуцыйных правоў. Аксёнаў просіць суд і пракуратуру адмяніць рашэньне пра пастаноўку на прафіляктычны ўлік і прызнаць неабгрунтаванай праведзеную прафіляктычную гутарку:

«Прычыны пастаноўкі мяне на прафіляктычны ўлік зьяўляюцца суб’ектыўнымі, надуманымі, хлусьлівымі і палітычна матываванымі домысламі начальніка абласнога ўпраўленьня КДБ і ягоных падначаленых супрацоўнікаў для таго, каб перашкодзіць маёй законнай актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьці», — заяўляе ў скаргах Алег Аксёнаў.

Акрамя зьняцьця з уліку Аксёнаў просіць пракуратуру і суд, каб яны абавязалі «начальніка абласнога КДБ Ігара Сяргеенку даць пісьмовыя, а ягонага падначаленага Андрэя Махунова — вусныя выбачэньні за іх незаконныя дзеяньні».

Андрэй Махуноў, паводле актывіста, знаёміў яго з пастановай і, як заяўляе Аксёнаў, дапусьціў парушэньні заканадаўства.

Акрамя Алега Аксёнава, на прафіляктычны ўлік КДБ узялі трох актывістаў з Асіповічаў: дэпутата раённага савету Аляксея Цюлькова, а таксама Анатоля Цераша і Ўладзімера Клімановіча.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі заяўляе, што прадстаўнікі партыі будуць праз суд дамагацца скасаваньня пастаноўкі на ўлік.

На Магілёўшчыне акрамя чатырох хадэкаў на ўлік КДБ сёлета ў верасьні паставілі бабруйскую актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі Галіну Сьмірнову.

Апошні раз у Магілёве актывістаў апазыцыі ставілі на ўлік у КДБ пасьля падзеяў Плошчы ў 2010 годзе. Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў і актывістка БХД Тацяна Шамбалава спрабавалі праз суд абскардзіць пастанову КДБ, але безвынікова.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG