Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура і СК заўважылі сьмерць падпалкоўніка КДБ Казака


Генэральная пракуратура і Сьледчы камітэт Беларусі праводзяць разгляд па факце самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака.

Пра гэта Інтэрфаксу паведамілі ў Сьледчым камітэце.

«З улікам неаб’ектыўнай інфармацыі па гэтым факце, якая зьявілася ў сетцы Інтэрнэт і выклікала масу чутак і здагадак, да заканчэньня разгляду іншая інфармацыя прадстаўлена не будзе», — падкрэсьлілі ў СК.

2 лістапада «Свабода» першая напісала пра тое, што ў Аляксандра Казака знайшлі мёртвым у лесе. Гэта «Свабодзе» пацьвердзілі сябры каапэратыву індывідуальных забудоўшчыкаў «Пэйзаж», які знаходзіцца непадалёк ад Ждановічаў.

Казака пахавалі на могілках у Тарасаве.

Яшчэ 1-га лістапада ў КДБ не пацьвярджалі інфармацыю пра сьмерць Казака.

У СК таксама тады казалі, што крымінальную справу не заводзілі. «Крымінальнай справы па факце забойства чалавека, якога вы называлі, Сьледчым камітэтам не распачыналася. Я бачыла гэты інфармацыйны паток. Але дакладна, крымінальнай справы ў нас няма», — заявіла тады прадстаўніца СК Юля Ганчарова.

9 лістапада Аляксандар Лукашэнка правёў нараду, на якой абмяркоўвалася дзейнасьць КДБ. Па выніках нарады дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Леанід Мальцаў адзначыў, што ў сваіх выступах генпракурор і старшыня Сьледчага камітэта паставілі шэраг пытаньняў. У прыватнасьці, яны тычыліся апошніх падзей, зьвязаных з КДБ.

«Усім вядома пра самагубства падпалкоўніка КДБ Аляксандра Казака. Ёсьць і шэраг іншых пытаньняў, якія патрабуюць ўважлівага расьследаваньня», — заявіў Леанід Мальцаў.

Вынікам нарады стала тое, што кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава адправілі ў адстаўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG