Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўнік КДБ забіты ці застрэлены?


У КДБ не пацьвярджаюць інфармацыю пра тое, што быў застрэлены ці застрэліўся палкоўнік, які працаваў у цэнтральным апараце Камітэту дзяржбясьпекі. Паведамленьні пра гэты інцыдэнт зьявіліся ў незалежных мэдыях.

Паводле сайту charter97.org, быў застрэлены палкоўнік, які працаваў у цэнтральным апараце КДБ і адказваў за эканамічны кірунак. Афіцыйна гэтая інфармацыя не пацьвярджаецца. Начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч заявіў карэспандэнту «Свабоды»:

«Можаце прывесьці мае словы. На жаль, больш нічога не скажу на гэты конт — гэта чарговы ілжывы правакацыйны ўкід. І рэагаваць на кожны зь іх і камэнтаваць мы ня маем намеру».

Паводле рэдактара сайту charter97.org Натальлі Радзінай, падрабязнасьці адносна палкоўніка КДБ працягваюць паступаць з крыніцаў, якія яна пакуль не раскрывае:

Натальля Радзіна
Натальля Радзіна
«Паступае інфармацыя ад зусім розных крыніцаў, што было самазабойства альбо забойства ў КДБ, менавіта сярод высокапастаўленых супрацоўнікаў. Паводле апошняй інфармацыі, гэта палкоўнік Казак, гэта эканамічны кірунак, адвядзеньне зямель на продаж і іншыя эканамічныя справы. Паводле апошняй інфармацыі, быў забіты ў сябе дома, каля Менску».

У тым, што афіцыйна КДБ абвяргае гэтую інфармацыю, Натальля Радзіна ня бачыць нічога дзіўнага:

«Гэта натуральна, КДБ — закрытая структура, якая працуе па савецкіх лякалах. Я гэта магу сказаць як чалавек, які быў у турме КДБ. І натуральна, што такая інфармацыя заўсёды будзе закрытая. Але тое, што гэтая інфармацыя паступае ня толькі сайту charter97.org, але і тэлеканалу „Белсат“, і крыніцы розныя, наколькі я разумею, і ў прынцыпе яны даюць падобную інфармацыю, — кажа пра тое, што няма дыму без агню».

Натальля Радзіна сказала, што крыніцы інфармацыі яна раскрыць ня можа:

«У дыктатарскай краіне такую інфармацыю могуць паведамляць толькі ананімныя крыніцы, бо гэтыя людзі хочуць жыць. Я ўжо не кажу пра тое, каб захаваць працу».

Валер Костка
Валер Костка
Ня змог пацьвердзіць гэтую інфармацыю і былы вайсковы контравыведнік, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка. Але ён дапушчае, што афіцыйна падобную інфармацыю могуць не раскрываць:

«Ну, дык будуць хаваць, мала там якія абставіны. Ніхто ж ня ведае, самі зразумейце. Але ў мяне прынцып такі: калі нешта зьвязана са сьмерцю, то я гэта стараюся не камэнтаваць, бо ў адных гэта радасьць выклікае — вось генэрал КДБ застрэліўся. Але ж у яго ёсьць сваякі, а для іх жа гэта трагедыя».

На Маскоўскіх могілках у Менску сказалі, што апошнім часам там не хавалі палкоўніка ці генэрала з прозьвішчам Казак. Напрыканцы верасьня там пахавалі генэрал-маёра Вячаслава Яўстаф’ева.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG