Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Лукашэнка не разумее, што такое «кітайскі шлях»


Леанід Заіка
Леанід Заіка

У Пэкіне ва ўмовах захадаў узмоцненай бясьпекі пачаўся 18-ты зьезд кіроўнай Кампартыі Кітаю.

Зьезд працягнецца 7 дзён. Галоўным ягоным вынікам чакаецца зьмена ўлады ў партыі і краіне. Генэральнага сакратара ЦК КПК і старшыню Дзяржсавету Ху Цзіньтао на вышэйшых партыйнай і дзяржаўнай пасадах КНР мае замяніць Сі Цзіньпін, прадстаўнік так званага пятага пакаленьня кіраўнікоў Кітаю.

Сі Цзіньпін дагэтуль займае пасаду намесьніка старшыні КНР, ён лічыцца адным з аўтараў новай эканамічнай палітыкі Кітаю. Працуючы ў правінцыі Фуцзянь, Цзіньпін выпрацаваў так званы новы эканамічны курс, на які перайшла зь цягам часу ўся краіна. У прыватнасьці, пры ім былі створаныя супольныя прадпрыемствы з заходнімі кампаніямі.

Пра тое, што можа прынесьці Кітаю пятае пакаленьне кіраўнікоў, і пра цікавасьць кітайскага досьведу для Беларусі «Свабода» пагутарыла зь менскім эканамістам Леанідам Заікам, які пэўны час працаваў у Кітаі і захоўвае сувязі з кітайскімі калегамі.

— Ці можна назваць будучага кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна кіраўніком-рыначнікам?

— Кітайцы — гэта габрэі Ўсходу, кітайцы ўсе рыначнікі. Іх памылка была ў тым, што яны ўзялі на ўзбраеньне ленінскую тэорыю імпэрыялізму і паспрабавалі пабудаваць камунізм хутчэй, чым Савецкі Саюз. У астатнім яны нармальныя, дзелавыя, прадпрымальныя, гнуткія, і для іх ня важна, якой масьці кот... Адзіная іх праблема ў тым, што ў іх існуе ідэалягічная абэрацыя: стварэньне рыначных структур часта прыводзіць да таго, што адмаўляюцца сацыяльныя каштоўнасьці.

— Ці істотна будзе адрозьнівацца пятае пакаленьне кіраўнікоў КНР ад папярэдняга?

— Канечне. Па-першае, яны граматна разумеюць лёгіку руху краіны ў будучыні, разумеюць, што няма іншага варыянту, як узмацненьне пазыцый Кітаю ў сусьветнай эканоміцы, што трэба разьвязаць спрэчку з ЗША наконт абменнага курсу юаня да даляра і што ў цэлым у іх няма іншага выбару, апрача як вывесьці краіну на першае месца ў сьвеце. Гэта кітайская мэта. І, дарэчы, іх праграма мэтаў да 2050 году ажыцьцяўляецца пасьпяхова... Такія ж кіраўнікі, як Сі Цзіньпін, рыхтуюцца «паштучна». Вось у нас сыдзе Лукашэнка — ці будзе ў нас гэтак падрыхтаваны новы чалавек, які прайшоў выдатную практыку на рэгіянальным узроўні, з высокім інтэлектуальным узроўнем? КПК вылучае на кіраўнічыя пасады людзей, якія заслужылі гэта сваёй працай на розных узроўнях. Сі Цзіньпін — гэта прадукт дакладнай кадравай інжынэрыі. У Беларусі ж кадры паўпісьменныя, адукаваныя самавукам ці мэтадам «народнай будоўлі».

— Ці дапусьціць пятае пакаленьне кіраўнікоў КНР больш дэмакратыі?

— Дэмакратыя ім не патрэбная. Дэмакратыя — гэта буржуазная вынаходка, а Кітай — краіна сацыялістычная. Калі яны пабачылі тое, што здарылася з СССР, то спэцыяльна стварылі групу, каб прадухіліць магчымы распад Кітаю. У разьвіцьці дэмакратыі яны бачаць пагрозу распаду краіны... Нельга замяніць Кампартыю Кітаю нейкай адной асобай, гэта будзе развал Кітаю.

— Тым ня меней раз на 10 гадоў яны мяняюць сваё кіраўніцтва, у адрозьненьне ад аўтарытарных рэжымаў кшталту беларускага...

— Справа ў тым, што ў іх калектыўны манакратызм, а ў Беларусі — індывідуалістычны манакратызм. Індывідуальны манакратызм заўсёды разбурыцца і паламаецца. Калектыўны манакратызм мае шанцы на доўгую пэрспэктыву. Гэта трэба пераказаць Аляксандру Лукашэнку.

— Але Лукашэнка ня раз заяўляў, што Беларусь выкарыстоўвае кітайскі шлях разьвіцьця?

— Глупства, ён не разумее, што такое кітайскі шлях. І людзі ў ягоным атачэньні таксама не разумеюць. Калі б яны гэта разумелі, то Беларусь была б сярод лідэраў краін СНД і апярэджвала Літву, Латвію і Польшчу па ВУП на душу насельніцтва. Яны кепска вучыліся ў беларускіх ВНУ, не засвоілі фразу Леніна, што дробнатаварная вытворчасьць штодня спараджае капіталізм. Калі вы хочаце эфэктыўную эканоміку, спрыяйце гэтай дробнатаварнай вытворчасьці. А яны сядзяць і гутараць, як ім дзяліць уласнасьць.

— Што з кітайскага досьведу магла б узяць Беларусь?

— Нічога ня возьме. Як толькі сыдзе Лукашэнка, будзем браць кітайскі досьвед.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG