Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэйцарцы супраць стварэньня ў краіне фірмы Лукашэнкі


Беларуськалій, Салігорск
Беларуськалій, Салігорск

Швайцарскія СМІ пішуць пра намер беларускіх уладаў зарэгістраваць у кантоне Цуг, што ў цэнтры канфэдэрацыі, фірму «Саюзкалій».

Паведамляецца, што гэта мае быць сумеснае беларуска-расейскае прадпрыемства, у якім палова капіталу будзе належаць «Беларуськалію», а другая — «Уралкалію».

Згодна з законамі кантону Цуг, пакуль працэс афіцыйнай рэгістрацыі не завершаны, яго падрабязнасьці трымаюцца ў сакрэце.

Як піша выданьне Нandelszeitung, дзякуючы супольнаму з расейцамі прадпрыемству і швайцарскаму адрасу фірмы Аляксандар Лукашэнка можа засьцерагчыся ад санкцыяў і бесьперашкодна атрымліваць прыбытак, прадаючы асноўную сыравіну Беларусі — калійныя ўгнаеньні. Акрамя таго, новай кампаніі, якой будуць кіраваць зь Менску, у Швайцарыі значна лягчэй атрымліваць крэдыты, чым у сябе на радзіме. Швайцарскі адрас забясьпечыць ёй і выгаднейшы падатковы рэжым.

Швайцарскі ўрад пакуль яшчэ ня даў журналістам пра гэта ніякіх камэнтароў. Тым часам дэпутаты ад Народнай партыі і партыі зялёных настойваюць, каб урадоўцы кантону Цуг высьветлілі, ці магчыма прадухіліць зьяўленьне Лукашэнкавай фірмы ў Швайцарыі. Калі не — то, лічаць яны, трэба будзе мяняць заканадаўства.

Іншых праціўнікаў беларускага рэжыму непакоіць сам факт, што ў Лукашэнкі ёсьць магчымасьць абыйсьці санкцыі Эўразьвязу. Пра гэта яны выказаліся ў інтэрвію швайцарскаму выданьню «Sonntagszeitung».

«Па-мойму, тое, што Беларусь дзякуючы рэгістрацыі ў Швайцарыі зможа папоўніць сваю казну, — гэта вельмі сумнеўная сытуацыя», — кажа Ларс Бюргер, лідэр праваабарончай арганізацыі Libereco, якая займаецца правамі чалавека ў Беларусі.

«У гэтым парадокс палітыкі эўрапейцаў у дачыненьні да Беларусі», — адзначае Стыў Уорэл, спэцыяліст у эўрапейскіх справах навукова-дасьледчай службы Кангрэсу ЗША. Яго дзівіць, што «дзяржава, на якую накладзеныя санкцыі, мае шмат спосабаў, каб пазьбегнуць іх, і такім чынам дэманструе, што падобныя захады носяць сымбалічны характар».

Не хавае свайго зьдзіўленьня і Зымон Гройтэр, шматгадовы палітычны дарадца Рады Эўропы па Беларусі.

«Такая пазыцыя вельмі нязручная для Швайцарыі, — кажа ён. Агульнавядома, што „Беларуськалій“ — жыцьцёва важная крыніца прыбытку для рэжыму Лукашэнкі. З гэтых грошай, сярод іншага, фінансуецца і яго тайная паліцыя».

Гройтэр таксама падкрэсьлівае, што беларускія праваабаронцы выступаюць за ўвядзеньне больш жорсткіх санкцыяў у дачыненьні да рэжыму, у тым ліку і да такой кампаніі, як «Беларуськалій». Нават калі ім самім у побыце ад гэтага стане горш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG