Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: кнігі патапталі ботамі


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

У хаце, дзе паэт Мікола Арочка пісаў свае творы, пабывалі злодзеі. Раскідалі бібліятэку, патапталі кнігі ботамі.

У Слонімскім раёне, у роднай вёсцы Вецявічы ў Арочак дзьве хаты: у адной жылі, у другой ён працаваў. Жылы дом абрабаваны быў яшчэ ўлетку. Празь дзьверы павыносілі ўсё, што можна, нават пішучую машынку. Куды яе? Хіба што ў злом здаць.

Паэт больш працаваць ня мог: цяжкая хвароба, давялося вяртацца ў сталіцу. Хтосьці выкарыстаў нагоду.

Мікола Арочка з тых аўтараў, якія ня так заўважныя, але хто імкнецца глыбока араць. Яго кніжкі прываблівалі. Вось першая, з маіх студэнцкіх часоў, зь Вітаўтам на вокладцы, драматычныя паэмы «Курганьне» і «Крэва». Наступныя: «Падземныя замкі», «Судны дзень Скарыны». Да каго зьвяртаўся, абуджаючы памяць гістарычную? Бадай не да вясковага калгаснага чалавека, да гарадзкога чытача хутчэй. Наперадзе былі незалежная Беларусь, рыцарская Пагоня. Яго словы, кінутыя ў ніву, нібы зярняты, таксама давалі плён.

Мікола Арочка ў роднай вёсцы
Мікола Арочка ў роднай вёсцы


Калісьці Іва Андрыч пісаў: яго цешыць убачаная ў звычайным доме паліца з кніжкамі. Які пад вокладкай зьмест – пытаньне наступнае, сам факт, што тут чытаюць – сьведчыць сам за сябе, лічыў будучы нобэлеўскі ляўрэат. За польскім часам вакол Слоніма сяляне трымаліся за беларускае друкаванае слова, зьбіралі вясковыя бібліятэкі. У Чамярах, напрыклад, вяскоўцы далі ёй імя Якуба Коласа. Але ўлады закрылі. Сёньня бібліятэкі сельскія зачыняюцца, лічы, самі. Чытачоў няма. Навошта чытаць, калі ёсьць тэлевізар?

Днямі ў Нясьвіжы чуў на свае вушы: паспалітага выгляду сям’я, жонка пытаецца ў мужыка, паказваючы на помнік, – «А хто гэта?» «А чорт яго знае» – абыякавы адказ, хаця вялікімі літарамі напісана – «Сымон Будны». Іншае пытаньне – кім быў гэты самы Будны? Але так далёка мінакі не заходзяць. Калі гэта ня Ленін, то – чорт яго знае, чаго ён тут стаіць. Разгорнутая кніга ў руцэ ўвагі не прыцягвае, працаваць думку не змушае.

Доўгі час у большасьці паэты і пісьменьнікі паходзілі зь вёскі. І хаця апыналіся ў гарадах, кожны трымаў думку, што свае не забудуцца, не пагрэбуюць часам у рукі кніжку ўзяць.

Адно: кватэра пісьменьніцкая ў гмаху на тысячу кватэр, са сьмецьцеправодам, ліфтам, іншае – хата ў роднай вёсцы, побач з блізкімі і знаёмымі людзьмі. Але ці трэба ім твая творчасьць, кнігі? Пытаньне. Васіль Быкаў некалі ўспамінаў: прыедзеш у родную вёску, цікавяцца – дзе і кім працуеш? А калі скажаш, што ў рэдакцыі і што кнігі пішаш, не разумеюць. Хіба гэта можа быць працай? Такі ён, вясковы беларускі чалавек.

Ня будзем залішне драматызаваць, большасьць людзі як людзі на вёсцы. Але такая біяграфія ў народу, што мацнейшы піетэт да начальства, чым да вучонага, тым больш да паэта. З аднаго боку, вучыцеля заўсёды паважалі, а ён звычайна з кнігамі пад пахай. З другога, на дне душы народнай цьмее прага ўлезьці ў дом «панскі», у бібліятэку ўварвацца, кнігі ў печку, хаця б пакідаць на падлогу, патаптаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG