Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка ставіцца да групавога сэксу?

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

23 кастрычніка ўвечары тэлеканал «Беларусь-1» меўся паказаць поўную вэрсію інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі брытанскай тэлекампаніі ВВС, якое доўжылася 4 гадзіны. На тэлеканале і на сайце ВВС відэаінтэрвію заняло 2 хвіліны 41 сэкунду і суправаджалася крытыкай на адрас «апошняга дыктатара Эўропы», як назвалі Лукашэнку на ВВС.

«„Якое вашае стаўленьне да групавога сэксу?“ — гэтае пытаньне Яўгена Лебедзева на нейкі момант абяззброіла Аляксандра Лукашэнку. Яно было выкліканае выказваньнямі на гэтую тэму Ўладзімера Пуціна, які камэнтаваў такім чынам вырак панк-гурту Pussy Riot.

Праз долю сэкунды Лукашэнка паціснуў плячыма і адказаў як ні ў чым не бывала: „У мяне няма меркаваньня наконт групавога сэксу“. Падалося, што пакой, поўны палітычных дарадцаў і апэратараў, адчуў палёгку, калі размова перайшла да менш нязручнай тэмы парушэньняў правоў чалавека. Але абмен думкамі наконт групавога сэксу стаў не адзіным сюррэалістычным момантам у гутарцы сына расейскага алігарха, якога былі празвалі найноўшым лёнданскім „тусоўшчыкам“ (latest „It boy“), з чалавекам, чыя жалезная рука прынесла яму званьне апошняга дыктатара Эўропы».

Гэтыя падрабязнасьці падае карэспандэнтка ВВС Натальля Антэлава. У якасьці назіральніцы яе запрасілі на 4-гадзіннае інтэрвію, якое ўзяў у Лукашэнкі сын расейскага алігарха і мэдыямагната Яўген Лебедзеў.

Публікацыя на сайце ВВС называецца «Апошні дыктатар Эўропы Лукашэнка раскрываецца».

Перад інтэрвію Яўген Лебедзеў казаў, што будзе задаваць жорсткія пытаньні, піша Натальля Антэлава. Але выявілася, што зь першага пытаньня Лукашэнка апанаваў размову.

Сын алігарха Аляксандра Лебедзева, які зарабіў свае мільёны на хаатычнай прыватызацыі дзяржаўных манаполій пасьля распаду СССР і валодае цяпер таксама брытанскімі газэтамі Іndependent і Evening Standard, у якасьці журналіста спытаў Лукашэнку: ці пагаджаецца той, што Расея ў 90-х выбрала, каб было больш дэмакратыі, чым справядлівасьці, а Беларусь — наадварот? Лукашэнка запярэчыў:

«Я б не сказаў, што ў 90-я гады ў Расеі была дэмакратыя, ніякай там дэмакратыі не было. Гэта былі страшныя гады анархіі, але ў нас удалося спыніць такія спробы і ўратаваць краіну».

Зьяўленьне свайго малодшага сына на афіцыйных сустрэчах Лукашэнка патлумачыў моцнай прывязанасьцю Колі да яго — маўляў, ён нават заснуць ня можа бяз бацькі, — а ня тым, што ён нібыта рыхтуе яго ў пераемнікі. Цягам размовы Аляксандар Лукашэнка ня раз хваліўся стабільнасьцю, якую прынёс беларускаму народу:

«Паглядзіце ў акно, ці бачыце вы агароджу ля палаца і ахоўнікаў? Гэта краіна, дзе кожны ў бясьпецы».
Паглядзіце ў акно, ці бачыце вы агароджу ля палаца і ахоўнікаў?

Карэспандэнтка ВВС назвала цану гэтай стабільнасьці:

«Няма абмежаваньняў на прэзыдэнцкія тэрміны, у выніку рэфэрэндуму 1996 году ўлада сканцэнтраваная ў руках Лукашэнкі. Ніводныя выбары не былі прызнаныя на Захадзе свабоднымі і справядлівымі. Ніводзін кандыдат ад апазыцыі не атрымаў мандат на апошніх выбарах. Пратэсты жорстка падаўляюцца».

На пытаньне пра дэмакратызацыю Лукашэнка адказаў:

«Нас амэрыканцы хочуць дэмакратызаваць. Добра, але вы йдзіце Саудаўскую Арабію дэмакратызуйце! Што мы, падобныя да Саудаўскай Арабіі? Ды нам далёка да яе. А чаму не дэмакратызуюць? Таму што сукін сын, але наш».

На пытаньне, ці не зашмат улады ў ягоных руках, Лукашэнка адказаў, што ўбок ад дэмакратыі яго штурхае Захад, які цісьне і, у прыватнасьці, спрабуе аддзяліць Беларусь ад Расеі.

ВВС нагадвае, што Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе на працягу 18 гадоў, што яму забаронены ўезд у ЗША і Заходнюю Эўропу, што яго абвінавачваюць у катаваньнях і парушэньнях правоў чалавека, што ён кінуў сваіх апанэнтаў у турму, забараніў пратэсты і абмежаваў свабоду слова. ВВС таксама цытуе словы Лукашэнкі, у якіх ён нібыта дазваляе асуджанай за Плошчу Ірыне Халіп зьехаць зь Яўгенам Лебедзевым у Маскву, і пераказвае словы самой Ірыны, што Беларусь — цёмнае месца, дзе тое, што гаворыцца на публіцы, не абавязкова адпавядае рэчаіснасьці.

Афіцыйныя беларускія СМІ выказвалі незадавальненьне тым, як нэгатыўна заходняе СМІ падае і камэнтуе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі. Тым ня меней сам Лукашэнка ад сваіх слоў не адмаўляецца. Чаму? Мэдыя-экспэрт Леанід Міндлін перакананы, што Лукашэнка выпрацаваў уласную тэхналёгію зьяўленьня ў заходніх СМІ:

«Вось здаецца, што гэта антырэкляма, ён заўсёды кажа тое, што потым мусіруецца, абмяркоўваецца, камэнтуецца не на яго карысьць. Але — гэта кожны раз згадваньне, інфармацыйная хваля, і кожны раз большая папулярызацыя. І няважна, зь якім знакам — плюсам ці мінусам».

Апрача таго, мяркуе спадар Міндлін, такім чынам Лукашэнка дадатковы раз дэманструе, што ён гаспадар у краіне, ён кажа што хоча, не хвалюючыся наконт таго, якія наступствы могуць выклікаць ягоныя словы.

***

Сёньня апоўдні на сайце БТ зьявілася паведамленьне: Звяртаем вашу ўвагу, што ў сувязі з трансляцыяй матчу БАТЭ - "Валенсія", паводле просьбы тэлегледачоў і балельшчыкаў, тэлевэрсія інтэрвію прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі брытанскім СМІ пераносіцца на больш зручны час.

Гледачы "Беларусь 1" убачаць яго заўтра адразу пасля "Панарамы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG