Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Ізраіля: Экс-кіраўніка Масаду ахоўваюць і беларускія спэцслужбы


Амбасадар Ізраіля ў Беларусі Ёсіф Шагал назваў хлусьнёй і правакацыяй іфармацыю пра дадатковыя падразьдзяленьні спэцслужбаў, якія ахоўваюць былога кіраўніка ізраільскага Масаду Мэіра Дагана.

Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Ёсіф Шагал пацьвердзіў, што апэрацыю перасадкі печані экс-кіраўніку «Масаду» рабіў францускі хірург сумесна зь беларускімі лекарамі на беларускім абсталяваньні. Пра бясьпеку пацыента дбае ізраільская ахова, якая прыехала зь ім, і беларускія спэцслужбы. Але дадатковых падразьдзяленьняў бясьпекі з Ізраілю не прыцягвалі.

На прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай 20-годзьдзю ўсталяваньня дыпляматычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Ізраіль, журналісты скарысталіся прысутнасьцю ізраільскага пасла Ёсіфа Шагала і запыталіся ў яго пра стан здароўя былога старшыні «Масаду», якому ў Менску зрабілі трансплянтацыю печані.

Спадар Шагал адказаў, што ў Мэіра Дагана зараз стан, які лекары звычайна называюць «стабільна цяжкі». Але гэта натуральна для пацыента, якому 65 гадоў і якому перасадзілі печань:

«Насуперак некаторым газэтным спэкуляцыям хачу адназначна заявіць і афіцыйна: гэта апэрацыя была праведзена францускім хірургам Дэвідам Азулаем. Але яна праводзілася сумесна зь беларускімі дактарамі на беларускім абсталяваньні. У прыватнасьці, спадар Азулай даў высокую ацэнку прафэсіяналізму беларускіх лекараў».

Карэспандэнтка: «На якім узроўні прымалася рашэньне, як выйшлі на беларускіх трансплянтолягаў?»

«Выйшлі дзякуючы добрым адносінам паміж Ізраілем і Беларусьсю. Былі выкарыстаныя каналы, я ня буду ўдакладняць, якія канкрэтна каналы... У дадзеным выпадку Беларусь дапамагла Ізраілю, але мы — людзі ўдзячныя, мы ў даўгу не застанемся і таксама будзем шукаць момант, калі Ізраіль дапаможа Беларусі».

Былых кіраўнікоў спэцслужбаў не бывае, а спадар Даган ачольваў спэцслужбы Ізраілю цягам 12 гадоў, і таму яму належыцца ахова, заявіў амбасадар Ізраілю спадар Шагал, адказваючы на пытаньне журналістаў пра прыцягненьне дадатковых падразьдзяленьняў аховы дзеля бясьпекі Дагана:
Натуральна, ён прыляцеў у Беларусь з аховай. Але яго таксама ахоўваюць і беларускія спэцслужбы

«Натуральна, ён прыляцеў у Беларусь з аховай. Але яго таксама ахоўваюць і беларускія спэцслужбы. Запэўніваю вас, спалучэньне дзьвюх такіх спэцслужбаў гарантуе бясьпеку любому грамадзяніну, тым больш на тэрыторыі Беларусі. Усе размовы пра тое, што ёсьць нейкія праблемы, — гэта хлусьня і спэкуляцыі. Ніякіх праблемаў зь яго бясьпекай няма і быць ня можа».

На пытаньне, ці прызнае Ізраіль наяўнасьць у Беларусі палітвязьняў, спадар Шагал адказаў:

«А што, хоць раз было сказана, што Ізраіль падтрымлівае наяўнасьць у краіне палітзьняволеных? Я сказаў вам, што дыялёг на гэтую тэму вядзецца. Дыялёг — гэта палітычны працэс, а любы працэс зьвязаны з урэгуляваньнем. Гэта як грошы, гэты працэс ня любіць шуму. Трэба рабіць ціха гэта ўсё, ціха, спакойна, не напружваючыся... І тады можна ў выніку разьлічваць на вынік. Пачакайце».

І спадар Шагал прывёў прыклад: пра тое, што экс-кіраўніка «Масаду» праапэравалі ў Беларусі, стала вядома толькі праз тры тыдні. Таму спадар Шагал параіў пачакаць і запэўніў, што ня толькі беларусаў непакоіць захаваньне дэмакратычных каштоўнасьцяў на тэрыторыі Беларусі, а Эўразьвяз і Дзяржаву Ізраіль таксама.

Пра тое, што былому кіраўніку Масаду зрабілі ў Беларусі апэрацыю трансплянтацыі печані, якую адмовіліся рабіць у іншых краінах, паведаміў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 16 кастрычніка на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх СМІ.

Распавядаючы пра дасягненьні Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру трансплянтацыі органаў і тканак, Лукашэнка заявіў: «Не хачу апошні прыклад называць, але, напэўна, ён будзе вядомы. Кіраўніка ўчорашняга Масаду не ўзяліся нідзе апэраваць — патрэбна перасадка печані. Дзесяць дзён мінула пасьля апэрацыі. Толькі ў Беларусі ўзяліся апэраваць. Амэрыка адмовілася, Германія адмовілася, Швэцыя адмовілася. Але ўсе рэкамэндавалі Алега Румо».

Масад — палітычная выведка Ізраілю, лічыцца адной з самых эфэктыўных і прафэсійных спэцслужбаў у сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG