Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкуль узялася чупакабра?


Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч
Я быў ня першым, хто заўважыў простую ўзаемасувязь паміж зьяўленьнем чупакабры ў эфіры асноўных тэлеканалаў ды станам з валютай, крэдытнымі стаўкамі, масавым прадчуваньнем хуткай дэвальвацыі. Першай тут была «Наша Ніва», якая ў гэтым артыкуле нагадала, што ў мінулы раз нацыю пужалі чупакабрай у траўні 2011 году, калі даляр ужо вагаўся, але яшчэ не дасягаў 8000 рублёў. Тады чупакабра зьяўлялася на Гомельшчыне і смактала кроў не з курэй, а з трусоў. Але ўсе астатнія прыкметы дужа падобныя – чырвоныя вочы, капыты, агульная зласьлівасьць і намер падарваць устоі і спакой у Рэспубліцы Беларусь.

І ня трэба вінаваціць нас з «Нашай нівай» у кансьпіралягічным складзе мысьленьня. Кансьпіралёгія – гэта падазраваць, што кроў са старобінскіх курэй высмактала кіраўніцтва Нацбанку на чале з аксакалам, Пятром Пракаповічам. Мы ж зьвяртаем увагу не на тое, што чупакабра вярнулася ў прынцыпе. Мы зьвяртаем увагу на тое, што яна вярнулася ў мэдыі. Што тэма, вартая адно што газэт «Прыватны дэтэктыў» ды «Спід Інфа» сталася асноўнай падзеяй, аб якой распавядаюць усе СМІ краіны.

Трэба адразу адзначыць, што «градус Гандураса» (г. з., здольнасьць той ці іншай тэмы распальваць жорсткія дыскусіі, сутыкаць ілбамі прыхільнікаў дыямэтральных поглядаў на адну і тую ж праблему) у беларускай мэдыйнай чупакабры вельмі высокі. Яна, натуральна, нікога ня можа пакінуць абыякавым. Уся краіна падзялілася на тых, хто верыць і на тых, хто рагоча. Тых жа, хто пакутуе ад пытаньня, ці трэба спрачацца аб чупакабры ў той момант, калі насельніцтва ламанулася ў банкі здымаць рублёвыя ўклады, – вельмі мала. Такіх, можна сказаць, адзінкі.

У той момант, калі адзін журналіст у Фэйсбуку задае раздражнёнае пытаньне, колькі можна пісаць пра такую дурату, як «чупакабра», іншы вядзе простую трансьляцыю ў Twitter са старобінскага куратніка, дзе засталіся дзьве апошнія старобінскія куры. Абодва запісы (як і іншых стопіццот на гэтую тэму) маюць процьму лайкаў ды камэнтаў.

Чупакабра ў трэндзе.

Тут можна было б адзначыць (проста для нашчадкаў) дурнаватыя акалічнасьці гэтай справы. Згадаць, напрыклад, аб тым, што мясцовыя жыхары, начытаўшыся Інтэрнэту, лічаць, што маюць справу з муціраваным (!) кенгуру (!!!). Гэткі мэдыйны псыхоз наадварот: у той час, як уся краіна чакае ад Інтэрнэту падрабязнасьцяў аб чупакабры, самі старобінцы ідуць у Інтэрнэт жа, каб пачытаць пра іншых чупакабраў і ўмацоўваюцца ў думцы, што іх чупакабра – кенгуру.

Аднак годзе аб драбязе. Давайце да галоўнага.

Галоўнымі жа тут зьяўляюцца адно назіраньне і адна выснова.

Назіраньне: кожны раз, калі стабільнасьць хістаецца, грамадзтва пачынае самааддана паляваць на НЛА, шукаць чупакабру ці верыць у Кашпіроўскага. Шмат чаго напісана пра тое, чаму савецкія ўлады падчас перабудовы пераўтварылі саюзны эфір у вялікі пакой для гіпнозу, дзе страшнага і чарнявага Кашпіроўскага зьмяняў лагодны і абаяльны Алан Чумак, які гаварыў слова «крэм» праз выразнае «э». Чаму ў перабудовачных часопісах кшталту «Огонька» побач з артыкуламі, якія ўпершыню вялікай краіне распавядалі пра яе змрочнае нядаўняе мінулае, месьціліся трэшавыя нататкі пра рокуэлаўскі інцыдэнт, гуманоідаў ды Тунгускі мэтэарыт?

Што тут было першапачатковым: жаданьне камуністычнай партыі адцягнуць увагу насельніцтва ад галечы і дэфіцыту байкамі пра «лахнэскіх монстраў»? Ці агульнае пачуцьцё вялікага мэтафізычнага гамону, які паступова ахінаў штодзённасьць, разбураючы яе зразумеласьць ды рацыянальнасьць? Кашпіроўскі з Чумаком зьявіліся, каб захаваць стабільнасьць, ці яны былі аватарамі надышоўшай нестабільнасьці ў мазгах – у тым ліку мазгах мэдыйных рэдактараў ды тэлевізійнага кіраўніцтва, якое пачало мысьліць як гіпна-залежныя, няўпэўненыя ў рэальнасьці, шызоіды?

Так ці інакш, чупакабра для беларускіх смутных часоў зьяўляецца тым самым, чым для савецкіх смутных часоў былі Кашпіроўскі, Чумак, артыкулы пра Тунгуску ды Рокуэл. Насельніцтва перастала адчуваць уласную абароненасьць, упэўненасьць у заўтрашнім дні і ўвасабленьнем гэтага новага пачуцьця зьяўляецца чупакабра. Чупакабра, калі жадаеце, – твар новай хвалі беларускага крызысу, яго фізычная праява.

Цяпер да высновы.

Кашпіроўскі з Чумаком ня выратавалі Саюз. У той час, калі адна частка краіны матляла галовамі пад спакойную музыку «Сэансаў здароўя лекара-псыхатэрапэўта Анатоля Кашпіроўскага», другая частка задавалася пытаньнем, як жыць далей: у Літве ўжо дзейнічаў Саюдзіс, у Беларусі – Талака ды Фронт. Сыстэме заставаліся лічаныя гады. Гіпноз і талеркі зрабілі сьмерць вялікага таталітарнага монстра спакойнай, але не адцягнулі яе ні на хвіліну.

Я ня бачу, якім чынам чупакабра можа адцягнуць людзей ад думкі пайсьці ў банк, зьняць уклад у беларускіх рублях і набыць на усю суму даляры. Калі б нават чупакабра палявала не на курэй, а на тых, хто здымае ўклады – усё роўна адтоку дэпазытаў гэта б не спыніла.

Адметнасьць мэдыяў – у тым, што яны паліфанічныя. На тле адной, асноўнай, тэмы, заўсёды будзе месца іншым тэмам, якія ўсё роўна будуць заўважаныя. Той факт, што беларускія сем'і на кухнях пачынаюць размову спачатку пра чупакабру і толькі потым – пра лёс беларускага рубля, не адкідае таго, што лёс беларускага рубля ўсё роўна згадваецца, застаецца ў фокусе ўвагі.

А таму мы раім тым, хто запусьціў чупакабру ў топы эфіру, адлавіць гэтую мярзотную пачвару. Пажадана прадэманстраваць яе на публіцы ў клетцы. Гэта не запаволіць наступленьне смутных часоў, аднак на нейкі час верне краіне пачуцьцё абароненасьці і рацыянальнай зразумеласьці навакольнага сьвету. А для адцягненьня ўвагі і заспакаеньня ўкладчыкаў, прыцягвайце лепей экстрасэнсаў. Гэта ня тое, каб эфэктыўней, але – значна болей эстэтычна. Спакой, павольная музыка, яднаньне нацыі перад экранам. Можна замяніць сэансамі гіпнозу ўсе выпускі навінаў. Адрозьненьня ніхто не адчуе.

Ці гэта ўжо адбылося?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG