Пра гэта паведаміў сёньня намесьнік генэральнага сакратара АДКБ Валер Сямерыкоў.
«Гэта будзе рашэньне Рады калектыўнай бясьпекі, а больш, я б сказаў, гэта рашэньне будзе залежаць ад таго становішча, якое будзе ў Аўганістане», — сказаў Сямерыкоў на прэсавай канфэрэнцыі ў Алма-Аце, паведамляе агенцтва РИА-Новости.
Паводле яго, гэта зьяўляецца адным з галоўных кірункаў дзейнасьці Арганізацыі ў цяперашні час.
«Магчымасьць, пра якую казаў намесьнік генэральнага сакратара АДКБ, зусім ня выключаная, — пракамэнтаваў Свабодзе гэтую заяву расейскі палітоляг Кірыл Коктыш. — Фактычна ЗША саступаюць месца талібам. Рэжым Гаміда Карзая доўга не пратрымаецца. Ужо зараз Аўганістан — самы буйны ў сьвеце вытворца апіятаў і не кантраляваць яго — гэта сабе даражэй. І АДКБ будзе вымушаная нешта рабіць: альбо ўзмацніць кантроль межаў, альбо кантроль самога Аўганістану. Аднак апошняе будзе гібельным крокам, кшталту таго, што ў свой час зрабіў СССР.
Што тычыцца ўдзелу ў падобнай апэрацыі беларускіх войскаў, то пры Лукашэнку беларускія войскі наўрад ці будуць удзельнічаць у нейкіх баявых апэрацыях. Але знайсьці формулу, пры якой беларускія вайскоўцы будуць удзельнічаць у лягістыцы, у агульным суправаджэньні апэрацыі — за гэтым, як той казаў, не заржавее. І Менск будзе зацікаўлены зафіксаваць свой удзел у такой апэрацыі, без рызыкі ці зь мінімальнай рызыкай.»