Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саламяны самалёт беларускіх выбараў


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Пасьля сутыкненьня з заходняй цывілізацыяй у тубыльцаў Мэланэзіі і Папуа-Новая Гвінэя ўзьнік дзіўны рытуал — карга-культ (cargo — па-ангельску груз). Асабліва ён ўзмацніўся пасьля Другой сусьветнай вайны, на выспах дысьлякаваліся амэрыканскія войскі, ВПС ЗША забясьпечвалі ўсім неабходным сваіх салдатаў, ну і мясцовае насельніцтва.

Потым амэрыканскія самалёты зь дзівоснымі грузамі лятаць перасталі, але тубыльцы стварылі свае. З саломы і зямлі, зь вёдрамі і бочкамі замест рухавікоў, але ў натуральную велічыню. Культ атрымаўся вельмі разгалінаваным — папусы будавалі ўзьлётна-пасадкавыя палосы для сваіх «самалётаў», дыспэтчарскія вышкі, імітавалі дзеяньні амэрыканскіх пілётаў, прыкладаючы да вушэй зробленыя з дрэва навушнікі.

Вы, шаноўны чытач, пэўна зразумелі, да чаго я. Пра айчынныя выбары, у прыватнасьці, пра тыя, якія толькі што адбыліся. На іх ёсьць вылучэньне кандыдатаў, агітацыя, выбарчыя камісіі, народнае волевыяўленьне, падлік галасоў. Толькі гэта — той жа карга-культ, саламяны самалёт. Ён можа быць прыгожым, цікавым для дасьледчыка -антраполяга, праўда з адной асаблівасьцю — ён не лятае.

Калі нехта падумаў, што я такім параўнаньнем вырашыў проста аблаяць уладу, якая выпусташыла дэмакратычны працэс зьмены ўлады да недарэчнага дзікунскага рытуалу, то пэўна памыліўся.

Па-першае, не ў адной уладзе справа, не такая сытуацыя, што жыў быў эўрапейскі народ, прасякнуты дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, але, як у анэкдоце, «пришел поручик Ржевский и все опошлил».
Не такая сытуацыя, што жыў быў эўрапейскі народ, прасякнуты дэмакратычнымі каштоўнасьцямі, але, як у анэкдоце, «пришел поручик Ржевский и все опошлил»

А, па-другое, такое параўнаньне, «адзіўленьне», дазваляе пайсьці далей за канстатацыю выраджэньня інстытуту выбараў у чысты рытуал. Дзікуны тыя тубыльцы ці не, але яны, між іншым, людзі і падобныя да нас значна больш, чым нам здаецца. Нашае жыцьцё, як і іхняе, таксама спрэс складаецца зь безьлічы ўмоўнасьцяў і рытуалаў.

Іх карга-культ — не банальная дурасьць. Але ягоная непадобнасьць на нашы рытуалы дазваляе і нават прымушае задаць наступнае пытаньне: ну так, рытуал, а навошта ён, якую функцыю выконвае ў грамадзтве?

Вось тыя папусы — і шарагоўцы, і жрацы — яны ж самі для сябе разумелі, што іх саламяныя самалёты не лятаюць. Бачылі ж, што не. Але гэта ў практычным, прафанным вымярэньні. Нікому зь іх не прыходзіла ў галаву заплянаваць на бліжэйшую нядзелю палёт на саламяным самалёце на суседнюю выспу.

Але ў сакральным, магічным, сьвятым вымярэньні — гэта для іх самалёт і ёсьць. Больш за тое — менавіта гэта і ёсьць самы правільны, сапраўдны самалёт, увасобленая ідэя самалёта. Гэта ў белых людзей копіі іхняга.

Ну а хіба ў стаўленьні да беларускіх выбараў няма такой дваістасьці, «так» і «не» ў розных плашчынях успрыняцьця? Многія, калі ня ўсе, разумеюць, што гэта ня тыя выбары, якія праводзяцца ў многіх іншых краінах, нават ня тыя, якія яшчэ здараліся паўтара дзесяцігодзьдзя таму ў Беларусі. Што гэта не самалёт, так бы мовіць.

Аднак з гэтага не вынікае, што рытуал нічога ня значыць. Як любы рытуал, які добраахвотна ці нават прымусова выконвае значная частка насельніцтва, ён служыць гуртаваньню, кансалідацыі грамадзтва, мы супольнасьць, мы — беларусы (папуасы) таму, што супольна ходзім на выбары (пакланяемся саламянаму самалёту). Ці лятае той самалёт — у сацыяльным сэнсе гэта другасна.

Такі пункт гледжаньня тлумачыць некаторыя рэчы, якія здаюцца на першы погляд абсурднымі. Навошта ў акругах, дзе няма ніякіх назіральнікаў, заганяць людзей прымусам і ўгаворамі, спакусамі кшталту продажу тавараў і канцэртаў на участку, да выбарчых скрыняў, калі ўсё роўна лічбы пішуцца «ад ліхтара», дакладней, ад мудрага палітычнага рашэньня?

Але ў гэтым жа і сутнасьць культу — супольнага дзеяньня, супольнага пакланеньня, супольнай дэманстрацыі веры. Веры патрэбныя практыкуючыя вернікі.

А нашто ўлада выдаткоўвае напярэдадні выбараў немалыя грошы на ўсялякія сацыяльныя шчодрасьці, кшталту падвышэньня заробкаў, калі ўсё на выбарах перадвызначана і ўлада ведае лепш за ўсіх, што ўсё перадвызначана? Падобныя даброты ў 2010 годзе сталі прычынай катастрафічнага леташняга крызісу. А навошта? Хіба бяз гэтага падвышэньня Лідзія Ярмошына страціла б свае ўнікальныя вылічальныя здольнасьці? Навошта было губляць каштоўныя рэсурсы?

Ну а што вы думаеце — правадыры і жрацы папуасаў прыдурываюцца і самі ня вераць у саламяны самалёт, скарыстоўваючы яго адно як «опіюм для народу»? Гэта глупства таннай антырэлігійнай прапаганды. У тым-та і фокус, што вераць, ну ў нейкім сэнсе, у нейкай плашчыні вераць, хаця і лепш за ўсіх ведаюць, як гэта зроблена. Так, фальсыфікуем, але пры гэтым гэта справядлівыя выбары і ёсьць, адзіна магчымыя, якія могуць быць. І натуральна , што бэтэшнікі запэўніваюць гледачоў, што наш самалёт — найлепшы ў сьвеце.
Так, фальсыфікуем, але пры гэтым гэта справядлівыя выбары і ёсьць, адзіна магчымыя, якія могуць быць

І тут мы падыходзім да таго, што рытуал мае ня толькі функцыянальную сацыяльную прагматыку, але і духоўную, магічную мэтафізыку.

Людзі могуць верыць хоць у пень, і супольная вера ў яго будзе іх гуртаваць, але не ў любы пень іх можна прымусіць паверыць, з пнём павінны быць зьвязаныя нейкія моцныя пачуцьці і перажываньні.

Папуасам здаваліся цудам даброты, якія валіліся зь нябёсаў. Беларусам выбары здаюцца …ну хай ня цудам, але таксама напамінам пра зьвязаныя зь імі дзівосы эўрапейскага дабрабыту.

Ды і няма ўжо ніякіх іншых спосабаў легітымацыі ўлады — ад ЗША да Паўночнай Карэі выбары праводзяць усе, ні манархічны прынцып, ні лідэрства «ўсеагульным прысудам» ужо неяк не праходзіць.

Гэтым абумоўленае і сакральнае, магічнае вымярэньне рытуалу — як заклінаньня духаў. У прыватнасьці, заклінаньня духаў хаосу. А ня будзе выбараў — дык што ж будзе? Вайна ўсіх супраць усіх, хаос, безуладзьдзе і бязладзьдзе.

Гэта ўсё да чаго? Да таго, што на гэтых выбарах жрацы саламянага самалёту, здаецца, перагнулі кій, надта дэманструючы саламянасьць айчыннай «стальной птушкі». А можа, і ня ў іх справа. Крызіс балюча ўдарыў па кішэні многіх беларусаў, засталася крыўда. Вось яна і выплюхнулася. У такім савецкім стылі — не адрамантуеце дах дому, усім домам галасаваць ня пойдзем. Ці ў адпаведнасьці зь лёзунгам хіпі 60-х — улады абвесьцяць вайну, а на яе ніхто ня прыйдзе.

Можна спрачацца, прыйшло на выбары па краіне ў цэлым больш ці менш за 50% выбарцаў. Але здаецца амаль пэўным, што рэкордна мала за дзесяцігодзьдзі. Можа, менавіта ў гэты момант, можа, пад гэты фармат менавіта парлямэнцкіх выбараў, але адбылося пэўнае «размагічваньне» — па аналёгіі з размагнічваньнем, айчынных выбараў, шмат хто палічыў, што самалёт саламяны і скакаць вакол яго ня варта.

Адбылося гэта па-партызанску, па-беларуску, праз маўчаньне і ўхіленьне. Беларусы — народ асьцярожны. А раптам заняпад веры ў саламяны самалёт і сапраўды разбудзіць духаў хаосу? Не, зразумела, яно б рацыянальней было проста дамагчыся сапраўдных выбараў. Гэтак жа, як і папуасам лягічней было б навучыцца вытвараць свае сапраўдныя самалёты ці купляць заходнія. Але неяк не атрымалася.

Хаця, як любы заняпад веры, гэты — кропка біфуркацыі, ростані. Можа быць, ад іх пачнецца шлях да таго, што саламяны самалёт стане сапраўдным і паляціць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG