Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Муфцій Шабановіч: «Нельга ўсіх мусульманаў прадстаўляць аднолькавымі»


На просьбу «Свабоды» муфцій мусульманскага рэлігійнага аб’яднаньня ў Рэспубліцы Беларусь Абу-Бакір Шабановіч выказаў сваё стаўленьне да падзеяў у мусульманскім сьвеце, зьвязаных са зьяўленьнем фільму «Нявіннасьць мусульманаў».

«Нельга нас, усіх мусульманаў, рабіць аднолькавымі. У нас таксама мэнтальнасьць розная. Там — іншы сьвет, іншае выхаваньне, іншыя ўмовы.

Нам, мусульманам Беларусі, гэта не пасуе. Мы не такія. Мы таксама хвалюемся, перажываем, абураемся. Але каб вось так пайсьці і ваяваць, і забіваць — не!

У нас цярпеньня болей. Гэта не азначае, што любові меней да Прарока, не. Мы бярэм прыклад зь яго жыцьця, зь яго дзейнасьці, вывучаем, даводзім гэта да вернікаў. Але ж забіваць людзей?! Не, у нас такога не было і ня будзе.

Але мы далучаемся і да голасу асуджэньня амэрыканцаў, разумеючы, што яны скампрамэтавалі сябе, выклікалі такую рэакцыю. Атрымліваецца, што калі ты — мусульманін, значыць, ты — забойца. Гэта амэрыканцы, і яны зарваліся на тым, што ім усё дазволена. То ў іх спальваюць Каран, то нават сьвятар спальвае Каран і загадзя пра гэта папярэджвае. Гэта — амэрыканцы. І трэба разумець, што ад іх можна чакаць чаго заўгодна».

Дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла, што яе ўрад ня мае нічога агульнага з правакацыйным фільмам пра прарока Мухамэда, які выклікаў хвалю пратэстаў у арабскім сьвеце. Яна назвала відэа, выстаўленае ў інтэрнэце, «агідным і вартым асуджэньня».

Сёньня ўлады Лібіі паведамілі пра затрыманьні некалькіх асобаў, датычных да нападу на консульства ЗША ў Бэнгазі, у выніку якога ў аўторак загінуў амэрыканскі пасол Крыстафэр Стывэнс і яшчэ трое дыпляматаў. Штурм консульства ў Бэнгазі здарыўся падчас акцыі пратэсту супраць зьнятага ў ЗША аматарскага фільму «Нявіннасьць мусульманаў», які многія палічылі абразьлівым для ісламу.

Намесьнік міністра ўнутраных спраў Лібіі Ваніс аш-Шарыф не прывёў падрабязнасьцяў, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Раней прэзыдэнт ЗША Барак Абама ўзмацніў ахову замежных дыпляматычных місіяў ЗША і запэўніў, што адказных за напад прыцягнуць да адказнасьці.

Беспарадкі ля амэрыканскіх пасольстваў здарыліся ў некалькіх мусульманскіх краінах. У Емэне натоўп паспрабаваў штурмаваць амбасаду ЗША. Пратэстоўцы выламалі браму, але іх спынілі вадамётамі і папераджальнымі стрэламі ў паветра. У сутыкненьнях з паліцыяй там пацярпелі каля 70 чалавек.

Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Эгіпце, Тунісе, Марока, Судане і Банглядэшы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG