Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель. Майку з надпісам і заклік не ісьці на выбары забракавалі цэнзары


Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

29 жніўня на тэлеканале «Беларусь-2» не паказалі выступ кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 Уладзімера Няпомняшчых.

«Калі я прыйшоў у студыю тэлерадыёкампаніі „Гомель“ на запіс, зьявілася намесьніца дырэктара, паглядзела на маю майку з надпісам „За Беларусь без Лукашэнкі“ і прапанавала пераапрануцца, бо, маўляў, у такім выглядзе могуць не прапусьціць у эфір. Мяне пазнаёмілі таксама зь некаторымі артыкуламі Кодэксу „Аб адміністрацыйных правапарушэньнях“, датычных абразы, прапаганды гвалту й жорсткасьці, а таксама міжнацыянальнай варажнечы. Пасьля мяне запісалі — нічога забароненага я не сказаў. Гаварыў толькі пра тое, што выбараў няма — і людзям няма чаго ісьці на выбарчыя ўчасткі. Сказаў і пра цяжкае эканамічнае становішча краіны як вынік праўленьня рэжыму Лукашэнкі».

На думку кандыдата, майка з надпісам, заклік да байкоту выбараў і публічнае падсумаваньне вынікаў 18-гадовага праўленьня Аляксандра Лукашэнкі й спрычыніліся да таго, што тэлевыступ ня выпусьцілі ў эфір.

Уладзімер Няпомняшчых мае намер разабрацца, хто канкрэтна забараніў ягоны зварот да выбарцаў і зьвярнуцца ў суд па аднаўленьне справядлівасьці, а калі спатрэбіцца, то і ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Па невядомай пакуль прычыне не было ў эфіры й тэлевыступу яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 — прадстаўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Мельнікава.

У радыёэфіры 29 жніўня не прагучаў таксама выступ кандыдата ў дэпутаты, старшыні рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова — у адведзеныя яму 5 хвілін па правадной сетцы круцілі музыку. Напярэдадні і тэлевыступ Палякова не прайшоў цэнзуру — яго таксама ня ўбачылі выбарцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG