Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мечыслаў Грыб: «Немцы самі разьбяруцца, што да чаго»


Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб

Паводле «Нямецкай хвалі» (Deutsche Welle) ды шэрагу іншых нямецкіх мэдыяў, міністар унутраных спраў ФРГ Ганс-Пэтэр Фрыдрых (Hans-Peter Friedrich) адхіліў ад пасадаў кіраўніка фэдэральнай паліцыі краіны Матыяса Зэгера (Matthias Seeger) і абодвух ягоных намесьнікаў.

Сярод прычын называецца беларускі сьлед — маўляў, Зэгер наведваў Беларусь, сустракаўся з прадстаўнікамі ўлады. А беларускі спэцназ праходзіў трэніроўкі ў Нямеччыне.

Гэткі «абмен досьведам» абмяркоўваўся ў Бундэстагу. У сьнежні 2011 году кіраўнік фракцыі левых Грэгар Гізі зьвяртаўся да фэдэральнага ўраду Нямеччыны з просьбай удакладніць, ці вялося супрацоўніцтва паміж спэцпадразьдзяленьнямі нямецкай паліцыі і беларускім АМАПам па абмене досьведам разгону акцыяў пратэсту. 23–24 красавіка 2009 году з працоўным візытам у Беларусь прыяжджала цэлая дэлегацыя МУС Нямеччыны.

У МУС Нямеччыны выказалі незадаволенасьць меркаванымі кантактамі Зэгера з прадстаўнікамі органаў дзяржбясьпекі Беларусі, хоць сам кіраўнік фэдэральнай паліцыі ва ўнутраным ліставаньні з начальствам сьцьвярджаў, што гэтыя кантакты носяць выключна дзелавы характар.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі не камэнтуе адстаўку шэфа нямецкай паліцыі.

Што з гэтай нагоды кажуць былыя прадстаўнікі сілавых структур Беларусі?

Былы начальнік Віцебскай абласной міліцыі, генэрал-лейтэнант Мечыслаў Грыб выказаў такое меркаваньне:

«Стажыравацца ў ФРГ для беларускіх сілавікоў — гэта было б, на мой погляд, прэстыжна. Бо гэтыя службы маюць багаты вопыт у барацьбе са злачыннасьцю. Але што там было на самой справе — стажыраваліся яны ці не стажыраваліся, — мне нічога не вядома. Калі „меркаваныя кантакты“ — яны маглі быць, маглі ня быць. Я думаю, немцы там разьбяруцца, што да чаго».


Былы вайсковы контравыведнік, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка кажа, што вельмі складана камэнтаваць чуткі, вэрсіі:

Валер Костка
Валер Костка
«Патрэбна канкрэтыка: ці былі кантакты, ці не былі, чаму навучалі... А калі ўвогуле казаць пра магчымыя кантакты, то ўсе спэцслужбы ва ўсім сьвеце кантактуюць паміж сабой. Іншая справа, што тут вельмі моцны ўплыў мае палітычны складнік. І гэты матыў абмяжоўвае дзейнасьць і спэцслужбаў у тым ліку. Нашы спэцслужбы выкарыстоўваюцца ўладай дзеля сваёй асабістай мэты — гэта ўтрыманьне ўлады. То бок спэцслужбы выкарыстоўваюцца ў якасьці палітычнага вышуку. Таму гэты матыў мог быць у нейкім сэнсе вызначальным — маўляў, спэцслужбы тут працуюць ня ў тым кірунку, у якім павінны працаваць у дэмакратычнай краіне. Я думаю, што, хутчэй за ўсё, гэты матыў галоўным і быў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG