Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сумесная заява 15-ці эўрапейскіх парлямэнтароў па сытуацыі ў Беларусі


У рамках кампаніі шэфства над беларускімі палітычнымі зьняволенымі, якую распачала арганізацыя «Libereco — Partnership for Human Rights», эўрадэпутат ад Польшчы Марэк Мігальскі ініцыяваў сумесную міжнародную заяву па сытуацыі ў Беларусі.

Пятнаццаць парлямэнтароў з розных краін выказваюць сваю падтрымку дэмакратычным памкненьням беларусаў і заклікаюць беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да праваабаронцаў, журналістаў і дысыдэнтаў у Беларусі, а таксама неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў.

«Сытуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў Беларусі выклікае ўсё больш занепакоенасьці. Беларускія СМІ рэгулярна інфармуюць пра рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзкіх актывістаў, прадстаўнікоў апазыцыі і незалежных журналістаў. Пагоршылася сытуацыя зь беларускімі палітычнымі зьняволенымі, якія працягваюць знаходзіцца ў месцах пазбаўленьня ці абмежаваньня волі. Ад зьняволеных патрабуюць пісаць „прашэньні аб памілаваньні“. На іх чыніцца няспынны ціск, улады спрабуюць прыпісаць ім статус „злосных парушальнікаў рэжыму ўтрыманьня“, пазбавіўшы тым самым права на амністыю», — адзначаецца ў заяве.

Занепакоенасьць аўтараў заявы выклікае таксама колькасьць адміністрацыйных арыштаў, якія зазнаюць моладзевыя актывісты.

«Мы лічым, што судовыя працэсы ў дачыненьні да актывістаў апазыцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці не суадносяцца зь міжнароднымі стандартамі, а прысуды палітычна матываваныя. Мы патрабуем ад беларускіх уладаў неадкладнага вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітычных зьняволеных і спыненьня перасьледу ў дачыненьні да прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці», — заяўляюць эўрадэпутаты.

Арганізацыя «Libereco — Partnership for Human Rights» ініцыявала кампанію шэфства над беларускімі палітычнымі зьняволенымі і іх сем’ямі. Парлямэнтарыі, якія падтрымалі цяперашнюю сумесную заяву, узялі ўдзел у гэтай кампаніі і прынялі на сябе апеку над палітвязьнямі, адзначае праваабарончы цэнтар «Вясна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG