Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гулак абскарджвае ў судзе ўключэньне ў сьпіс невыязных


Алег Гулак
Алег Гулак

16 ліпеня ў судзе Цэнтральнага раёна Менску разглядаецца скарга аб унясеньні старшыні БХК Алега Гулака ў сьпіс асобаў, якім абмежаваны выезд за мяжу.

Праваабаронца абскарджвае дзеяньні Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў. Справа прызначаная да слуханьня ў судзе амаль праз чатыры месяцы пасьля яе падачы.

У судзе прысутнічае прадстаўнік Міністэрства юстыцыі, прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў на судовы працэс не зьявіўся.

13 сакавіка Гулаку выдалі даведку аб тым, што яму з 5-га сакавіка 2012 года забаронены выезд зь Беларусі. Зь даведкі вынікала, што праваабаронцу прад’яўлены грамадзянскі пазоў у судзе. Аднак пра падобны пазоў Гулак нічога ня ведаў, ніводзін суд не інфармаваў яго аб унясеньні ў «сьпісы». За апошнія тры месяцы таксама ніякіх зьвестак аб пазовах да Алега Гулака не зьявілася.

Праз некалькі дзён пасьля атрыманьня такой даведкі Гулак падаў скаргу ў суд на Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў.за неправамернае абмежаваньне права на выезд.

Судовае паседжаньне плянавалася правесьці яшчэ 6 красавіка, аднак тады яно было адкладзенае на нявызначаны тэрмін. Судзьдзя, якая павінна была разглядаць справу, менавіта ў гэты дзень вяла прыём грамадзян. У наступныя тры месяцы таксама не знайшлося часу для разгляду скаргі праваабаронцы. Згодна з заканадаўствам, такога роду справы павінны быць разгледжаны цягам месяца, паведамляе прэс-служба БХК.

Гэта будзе другая судовая справа па абскарджваньню ўнясеньня ў сьпісы невыязных шэрагу грамадзкіх дзеячаў, журналістаў, палітыкаў і праваабаронцаў. Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, які нядаўна быў выключаны са сьпісаў невыязных, быў першым, хто пасьпяхова абараніў сваё права на свабоду перамяшчэньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG