Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 20 менскіх камісій трапілі 13 апазыцыянэраў


Фаварыты пры прызначэньні сябраў акруговых выбарчых камісій — па-ранейшаму БРСМ, «Белая Русь», афіцыйныя прафсаюзы і вэтэраны. Ад апазыцыі ў камісіі праходзяць адзінкі.

Як паведаміла «Свабодзе» назіральніца ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянціна Сьвяцкая, пасяджэньне прэзыдыюму Менскага гарсавету і гарвыканкаму доўжылася каля 45 хвілін. Кандыдатуры ў склад акруговых камісіяў фактычна не абмяркоўваліся. На пасяджэньні толькі вырашылі адмовіць кандыдату 1923 году нараджэньня, палічыўшы занадта старым.

Усяго было зацьверджана 20 камісіяў па 13 чалавек. Ад апазыцыі ў камісіі ўключылі 13 вылучэнцаў: 7 ад партыі «Справядлівы сьвет», 4 — ад БНФ, ад Грамады і АГП — па адным.

Большасьць жа ў камісіях маюць праўладныя арганізацыі — БРСМ, «Белая Русь», афіцыйныя прафсаюзы і вэтэраны. Выявілі актыўнасьць Сацыяльна-спартыўная партыя і Партыя працы і справядлівасьці. У камісіі ўключаныя ганаровыя грамадзяне Менску Анатоль Ярмоленка, Аляксандар Мядзьведзь, Уладзімер Ярмошын.

«Усё адбываецца прыблізна гэтаксама, як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі, калі апазыцыя была ў абсалютнай меншасьці. Цяпер крыху больш уключылі, але гэта не вырашальна», — зазначыла спадарыня Сьвяцкая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG