Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асуджаных у Лібіі беларусаў, расейцаў і ўкраінцаў прыцягваюць да рамонту ваеннай тэхнікі


Беларусаў, украінцаў і расейцаў, асуджаных у Лібіі, трымаюць на часовай базе ў раёне Фэлях у Трыпалі, а таксама прыцягваюць да рамонту ваеннай тэхнікі.

Пра гэта піша газэта «Сегодня» са спасылкай на ўкраінскага праваабаронцу Станіслава Селіванава, які знаходзіцца ў сталіцы Лібіі.

Паводле Селіванава, пасьля прысуду жыцьцё асуджаных амаль не зьмянілася. «Яны па-ранейшаму знаходзяцца ў тым жа памяшканьні, дзе пражылі амаль год. Іх гэтак жа ахоўвае брыгада КК лібійскай арміі пад камандаваньнем Отмана Зідані. Нядаўна лібійцы паставілі ім у пакой кандыцыянэр, бо дыхаць там проста немагчыма. Пасьля вэрдыкту ваенныя баяліся, што нашы мужыкі ўпадуць духам. Асьцерагаючыся выпадкаў суіцыду, яны адабралі ў асуджаных усе колючыя і рэжучыя прадметы — нават відэльцы. Але неўзабаве, зразумеўшы, што нічога такога ня здарыцца, відэльцы вярнулі», — распавёў ён.

Паводле праваабаронцы, рэжым утрыманьня 23-х палонных пад вартай таксама не зьмяніўся — яны знаходзяцца ў цесным бэтонным памяшканьні, усіх іх на паўгадзіны выводзяць пагуляць на двор. «За падзеямі ў сьвеце вязьні сочаць па тэлевізары ў камэры. Яшчэ — гуляюць у шахматы і карты, а адзін з украінцаў чытае ўслых ўласныя вершы», — піша «Сегодня».

Адзінае ўзмацненьне жорсткасьці закранула тэлефонную сувязь з раднёй: мабільныя тэлефоны ў асуджаных адабралі.

Некаторых вязьняў лібійцы пачалі нядаўна прыцягваць да рамонтных працаў на базе — рамантаваць вайсковыя аўтамабілі. «Дзіма (адзін з асуджаных украінцаў Дзьмітрый Пісарэнка) у нас заўсёды быў выдатным аўтасьлесарам. Тое, што яго арабы папрасілі дапамагчы ў рамонце машын, стала для Дзімы добрай магчымасьцю проста глынуць сьвежага паветра — ён жа пастаянна сядзіць у пакоі», — распавяла выданьню маці Пісарэнкі.

27 жніўня 2011 году лібійскі паўстанцкі батальён «Кака» затрымаў грамадзян Беларусі, Украіны і Расеі. Ім было прад’яўлена абвінавачаньне ў аднаўленьні ваеннай тэхнікі, якая выкарыстоўвалася рэжымам Кадафі для «зьнішчэньня лібійскага народу».

4 чэрвеня вайсковы суд Трыпалі прысудзіў 19 грамадзянам Украіны 10 гадоў зьняволеньня за дапамогу рэжыму экс-лідэра Лібіі Муамара Кадафі. Акрамя таго, адзін грамадзянін Расеі атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньне, яшчэ адзін расеец і тры беларусы — па 10 гадоў турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG