Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцдакладчык ААН хоча прыехаць у Беларусь, каб ва ўсім разабрацца

абноўлена

Падчас працы сэсіі
Падчас працы сэсіі

На 20-ай сэсіі Рады ААН па правах чалавека абмяркоўваецца справаздача спэцдакладчыка ААН у справе свабоды думкі і выказваньняў Фрэнка ля Ру. У справаздачы і выступах прадстаўнікоў розных краінаў згадваюцца праблемы перасьледу журналістаў, мэдыя-актывістаў у Беларусі.

Пра канкрэтныя факты парушэньні правоў на свабоду думкі і выказваньня ў Беларусі гаворыцца ў прысьвечанай ёй справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Наванэтхэм Пілэй. Вярхоўны камісар заклікае беларускія ўлады неадкладна спыніць усе формы ціску на журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, гарантаваць свабоду выказваньня і стварыць такія прававыя асновы і практычныя умовы, якія б забясьпечылі рэальную свабоду СМІ.

Цяпер на 20-ай сэсіі Рады ААН па правах чалавека абмяркоўваецца праблема свабоды думкі і выказваньня ў сьвеце.

У часе інтэрактыўнага дыялёгу са спэцдакладчыкам ААН у справе свабоды думкі і выказваньняў, які пачаўся ў аўторак увечары і працягваецца сёньня, прадстаўнік афіцыйнай беларускай дэлегацыі скрытыкаваў спэцдакладчыка ААН за «несбалянсаваны падыход».

«Летась наша дэлегацыя зьвяртала ўвагу спэцдакладчыка па свабодзе выказваньняў і думкі на ягоны несбалянсаваны падыход да ацэнкі сытуацыі у краінах сьвету. У леташняй справаздачы спэцдакладчык закрануў 70 краінаў, зь якіх былі тры краіны ЭЗ. Сёлета тая самая карціна: у ліку 39 краінаў з эўрапейскіх краінаў згадваецца толькі Гішпанія», — заявіў прадстаўнік Сталай місіі РБ пры ААН Андрэй Таранда.

Андрэй Таранда
Андрэй Таранда

А. Таранда адзначыў, што ў справаздачы ня згадваецца справа Джуліяна Асанжа, «факты крымінальнага перасьледу заходніх грамадзянаў за выкарыстоўваньне сацыяльных сетак» і «перахоп электроннай карэспандэнцыі», законапраекты ЗША, якія пад шыльдай абароны аўтарскіх правоў дазваляюць блякаваць сайты без судовага разбору, а візавыя санкцыі ЭЗ супраць шэрагу беларускіх журналістаў (зь дзяржаўных СМІ) назваў «непрыхаваным ціскам на прадстаўнікоў СМІ».

Прадстаўнік Кубы сёньня таксама назваў справаздачу «неаб’ектыўнай», паколькі там разглядаюцца пераважна парушэньні ў краінах разьвіцьця, ня згадваецца справа WikiLeaks і «пратэсты студэнтаў у разьвітых краінах».

Прадстаўнікі уладаў Беларусі выкарыстоўваюць трыбуну ААН для таго, каб заявіць аб недастатковай, на іх думку, увазе да парушэньняў правоў на свабоду выказваньня ў заходніх краінах.

Справаздачу Фрэнка ля Ру скрытыкаваў і прадстаўнік Расеі, які таксама згадаў справу WikiLeaks і адзначыў, што нельга прыраўноўваць сацыяльныя сеткі і выказваньні ў інтэрнэце да традыцыйных мэдыяў у пытаньні права на свабоду выказваньняў і думкі.

Прадстаўнікі эўрапейскіх краінаў у сваіх выступах тым часам згадвалі пра перасьлед журналістаў у Беларусі. Прадстаўнік Вялікай Брытаніі адзначыў, што выклікае заклапочанасьць вялікі шэраг фактаў перасьледу і нападаў на журналістаў, у іх ліку і перасьлед беларускімі уладамі незалежнай журналісткі Ірыны Халіп. Прадстаўнік Польшчы заклікаў краіны не перашкаджаць прыезду спэцдакладчыка ў краіны і назваў недапушчальным выпадкі, калі экспэрт ААН часам цягам трох гадоў ня можа атрымаць дазволу наведаць пэўную краіну для выкананьня свайго мандата.

Спэцдакладчык ААН у справе свабоды выказваньняў і думкі Фрэнк ля Ру правёў прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў у асобна сустрэўся зь беларускімі журналістамі. Найперш ён сказаў, што з радасьцю наведаў бы Беларусь, калі б афіцыйны Менск яго запрасіў. Пакуль яшчэ просьбу аб візыце ў Беларусь ён не падаваў, але плянуе гэта зрабіць. Таксама ён адзначыў, што не зусім справядлівыя закіды наконт таго, што нібыта была забытая справа Вікілікс і Асанжа. Пра гэта была супольная заява ад экспэртаў ААН, пра гэта таксама казалася ў справаздачы.

Спэцдакладчык ААН у справе свабоды выказваньняў і думкі Фрэнк ля Ру сказаў, што пасьля прыезду ў Беларусь ён здолее сапраўды больш аб’ектыўна ацаніць, што адбываецца ў Беларусі, і зазначыў, што найбольш важная цяпер праблема ў Беларусі — гэта свабода
онлайн-журналістыкі .

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG