Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму цікавыя парлямэнцкія выбары?


Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 23 верасьня. Якое значэньне будзе мець цяперашняя выбарчая кампанія? Наколькі важныя гэтыя выбары для ўлады? Ці ёсьць стратэгія ў апазыцыі?

Удзельнікі:
  • кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Значэньне цяперашняй выбарчай кампаніі

Валер Карбалевіч: «Падаецца, што сёлетнія выбары ў Палату прадстаўнікоў нікому не цікавыя. У 2004 годзе парлямэнцкія выбары праходзілі адначасова з рэфэрэндумам аб зьменах у Канстытуцыі. У 2008 годзе яны адбываліся нна самым пачатку дыялёгу з ЭЗ, абяцаньняў улады прапусьціць у парлямэнт некалькі прадстаўнікоў апазыцыі. Усё гэта падагравала цікавасьць да іх.

Сёлета ўсё інакш. Гэтая кампанія мала цікавая і ўладам, і грамадзтву, і Захаду, і, здаецца, апазыцыі. І калі б іх адмянілі, у сувязі, напрыклад, з эканамічным крызісам у Эўропе, то ніхто б асабліва не заўважыў, не пратэставаў.

Або мае меркаваньні ня маюць рацыі? Вось у Расеі таксама выбары ў Дзярждуму здаваліся нікому не цікавымі, а вось жа яны выклікалі моцны рэзананс у грамадзтве, вулічныя акцыі».

Аляксандр Класкоўскі: «Сапраўды, цяжка казаць пра нейкую цікавасьць. Бо ў гэтых выбарах няма інтрыгі. Усе разумеюць, які будзе сцэнар. Іншая рэч, што пэўныя палітычныя суб’екты ангажаваныя ў гэты працэс.

Дэ-факта ў Лукашэнкі царскія паўнамоцтвы, аднак ён ня хоча прызнаваць сябе царом, дыктатарам. Яму трэба дэманстраваць народную падтрымку. На нарадзе ў панядзелак Лукашэнка адзначыў, што трэба зрабіць народу яшчэ адно сьвята. Гэта такая савецкая матрыца. Тым самым ён міжволі падкрэсьлівае рытуальнасьць гэтых выбараў.

У апазыцыі моцнай матывацыі няма. Але мусіць удзельнічаць. Таму што паміж выбарчымі кампаніямі яе няма, кажучы словамі Акудовіча. А тут можна неяк нагадаць пра сябе. А вось насельніцтва гэтых выбараў не заўважае. Народ у асноўнай масе не разумее прынцып падзелу ўлады».

Андрэй Дынько: «Па чытачах нашай газэты магу адзначыць, што людзям гэтая кампанія абсалютна не цікавая. Але бліжэй да выбараў сытуацыя памяняецца. Бо выбары — гэта момант, калі чалавек задумваецца, што значыць яго выбар. Людзі ўзгадваюць, што ў іншых краінах пасьля выбараў улада мяняецца. А ў нас выбары ёсьць, а ўлада не мяняецца. Іншая рэч, што ёсьць вялікая частка грамадзтва, якая гэтым задаволеная. Маўляў, няхай Лукашэнка за мяне рашае».

Наколькі важныя гэтыя выбары для ўлады?

Карбалевіч: «Большасьць грамадзтва не ўспрымае Палату прадстаўнікоў як уладу. Пагаворым пра ўладу. Выбары — шараговыя, рытуальныя, але вось жа ўлады непакояцца. Патрабаваньні Лукашэнкі давесьці сярэдні заробак да 500 даляраў насуперак усім ацэнкам эканамістаў — гэта прыкмета страху перад выбарамі, перад рэакцыяй грамадзтва?»

Класкоўскі: «Лукашэнка паўтарае, што выбары — гэта экзамэн для дзяржапарату, вэртыкалі ўлады. Ён не дапускае, што адзнака можа быць не станоўчая. Але ў ягонай падкорцы застаецца памяць, што некалі выбары былі выбарамі і ён сам прыйшоў да ўлады падчас рэальнай выбарчай барацьбы.

Таму перад выбарамі ён заўжды напружваецца. І на нарадзе ў панядзелак Лукашэнка папярэдзіў сілавікоў, каб, крый Божа, агітацыя не перарасла ў нейкія вулічныя выступы. Хоць цяпер ня тая кампанія, ня тая матывацыя, ня тая апазыцыя, але ён страхуецца. Ва ўлады прысутнічае псыхалягічная траўма, комплекс 19 сьнежня».

Дынько: «Пры дыктатуры ўлады вымушаны ўвесь час даказваць, што народ падтрымлівае ўладу. І ўсё трымаецца на двух уяўленьнях. Па-першае, дыктатура — гэта лепшы варыянт у параўнаньні зь іншым рэжымам, пры якім было б яшчэ горш, бо ўсё б раскралі, быў бы хаос і інш.

Па другое, людзі мяркуюць так: я гэтага не прымаю, мая сям’я, суседзі супраць, але большасьць жа падтрымлівае Лукашэнку. Бо па тэлевізары ж людзі выступаюць за яго. Таму сэнс выбараў для ўлады ў тым, каб паказаць, што большасьць насельніцтва — за Лукашэнку».

Карбалевіч: «Сп. Дынько, тое, што вы казалі, на мове паліталёгіі называецца легітымізацыяй рэжыму з дапамогай выбараў. А можа, беларускія выбары гэтую функцыю ўжо не выконваюць? Бо і да гэтых выбараў, і да Палаты прадстаўнікоў мала хто ставіцца ўсур’ёз. Можа, гэты рэжым легітымізуюць іншыя рэчы, напрыклад, здольнасьць забясьпечыць пэўны ўзровень дабрабыту?»

Дынько: «Так, людзі ацэньваюць уладу па ўзроўні заробкаў. І выбары — канцэнтраванае выражэньне гэтай легітымізацыі. Але сытуацыя можа быць яшчэ горшая. Напрыклад, у Лібіі пры Кадафі не было выбараў увогуле. У Бірме таксама хунта доўгі час не праводзіла выбараў. Гэта яшчэ больш разбуральна для палітычнай сьвядомасьці людзей, бо кансэрвуе фэадальныя адносіны. Таму лепш псэўдавыбары, чым ніякіх выбараў. Бо нават псэўдавыбары прывучаюць людзей да пэўнай працэдуры, і аднойчы гэтая працэдура напоўніцца рэальным зьместам».

Выбары і апазыцыя

Карбалевіч: «А што апазыцыя? Ці не падаецца вам, што калі б выбары адмянілі, то апазыцыйныя палітыкі ўздыхнулі б з палёгкай? Як ацаніць стратэгію і тактыку апазыцыі падчас гэтай кампаніі?»

Класкоўскі: «Выбары — гэта магчымасьць для апазыцыі „засьвяціцца“. Але апазыцыя расьцярушаная, хто ў лес, а хто па дровы. Праблема ў тым, што аж зашкальвае нецярпімасьць адной часткі апазыцыі да другой, у якой іншае бачаньне тактыкі на гэтых выбарах. Няма культуры дыскусіі. Часам думаеш — якія ж вы дэмакраты?

Паглядзіце: хто найболей крычыць пра байкот? Тыя, у каго, акрамя шыльды, больш нічога няма, няма структур, рэсурсаў
Аляксандар Класкоўскі

Другая праблема ў тым, што гэтыя дыскусіі не канцэптуальныя, не ідэалягічныя, а каньюнктурныя. Паглядзіце: хто найболей крычыць пра байкот? Тыя, у каго, акрамя шыльды, больш нічога няма, няма структур, рэсурсаў і інш. Там вельмі лёгка стаць у такую прыгожую маральную позу: я ў белым адзеньні, а ўсе астатнія лезуць пэцкацца ў бруд. Тыя брэнды, якія вызнаюць такі падыход шмат гадоў, засталіся маргіналамі. Хоць уся апазыцыя — маргінальная, а гэта маргіналы ў квадраце ці ў кубе. Напрыклад, мне абсалютна незразумела, як можна ад байкоту выбараў перайсьці да татальнага байкоту рэжыму.

А тая частка апазыцыі, якая ідзе на выбары, няхай і ў абмежаваным варыянце, таксама ня верыць у эфэкт сваёй тактыкі, а спадзяецца на зьяўленьне нейкіх рэсурсаў і інш.

Кал рэзюмаваць, то самае прыкрае — гэта тое, што ва ўсіх частках апазыцыі няма стратэгіі. Удзел у гэтай выбарчай кампаніі мае сэнс толькі тады, калі ён убудаваны ў нейкую шырэйшую стратэгію. Напрыклад, парлямэнцкая кампанія як этап барацьбы за ўладу ў прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году. А бяз гэтага спрэчкі на тэму „байкот ці ўдзел“ нагадваюць вайну востраканечнікаў і тупаканечнікаў з кнігі Сьвіфта, якія не маглі дамовіцца, зь якога боку разьбіваць яйка».

Дынько: «Беларуская апазыцыя такая самая, як апазыцыя ў такой сытуацыі ў іншых краінах. Згодзен з тым, што гістэрычны падыход да гэтага пытаньня — не ад вялікага розуму. Тыя, хто ўдзельнічае ў выбарах, кіруюцца перакананьнем, што ў цяперашняй сытуацыі нават зьяўленьне псэўдаапазыцыі ў парлямэнце было б крокам наперад. І трэба быць гатовымі да іншых правілаў гульні.

А тыя, хто выступае за байкот, таксама важныя. Бо яны адлюстроўваюць настроі значнай часткі электарату. Таму дзьве гэтыя тактыкі парадаксальным чынам адна адну ўзаемадапаўняюць. І лукашэнкаўцы мінулыя разы баяліся і тых, і тых».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG