Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры БНФ і АГП асабіста будуць вылучацца

абноўлена

Якія першыя крокі зробяць палітычныя партыі на парлямэнцкіх выбарах?

Лідэр БНФ Аляксей Янукевіч паведаміў, што зьбіраецца асабіста вылучацца кандыдатам у дэпутаты:

«У суботу адбудзецца сойм, на якім мы прызначым дату партыйнага зьезду, які будзе вылучаць нашых кандыдатаў. Зацьвердзім праект перадвыбарчай плятформы Партыі БНФ і, безумоўна, будзем падаваць сьпісы ў склад выбарчых камісіяў, перадусім акруговых. Гэта самае першае дзеяньне, якое неабходна будзе зрабіць. Я думаю, што на сойме 23 чэрвеня мы гэтыя сьпісы падсумуем і зробім вылучэньне. Натуральна, што па ўсіх акругах, дзе мы будзем вылучаць кандыдатаў, мы будзем вылучаць людзей у акруговыя камісіі, гэта каля 40 чалавек. А там, дзе нашых кандыдатаў няма, таксама дзе-нідзе будзем вылучаць, але цяпер гэтыя зьвесткі ўдакладняем».

Намесьнік старшыні АГП Леў Марголін распавёў, што партыя вылучыць на выбары ня менш як 50 так званых сьпікераў (кандыдатаў). Вылучацца будзе і старшыня партыі Анатоль Лябедзька, і пераважная бальшыня партыйнай Палітрады.

Леў Марголін
Леў Марголін
«Сёньня-заўтра мы прызначым пазачарговы зьезд АГП для вылучэньня нашых сьпікераў у якасьці кандыдатаў у дэпутаты. Я думаю,што зьезд адбудзецца напрыканцы ліпеня. Таксама мы правядзем пасяджэньне палітрады для таго, каб вылучыць нашых кандыдатаў у склад акруговых камісіяў. Гэта такая даволі аб’ёмная справа. Абласныя саветы таксама павінны вылучыць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісіяў. Тыя з нашых сьпікераў, хто будзе фармаваць ініцыятыўныя групы, таксама гэта павінны зрабіць да сярэдзіны ліпеня. Мы рыхтуем матэрыялы, якімі будзем даводзіць людзям пра стан сёньняшняй дэмакратыі ў краіне, пра адсутнасьць рэальных выбараў. І пра тое, што сумленныя, празрыстыя выбары — гэта адзіны шлях да новай Беларусі, таксама да матэрыяльнага дабрабыту. Нам вельмі важна, каб наша думка прагучала найбольш аўтарытэтна з вуснаў такіх людзей, як Анатоль Лябедзька і Станіслаў Багданкевіч».

Палітык Віктар Івашкевіч распавёў, што прыхільнікі кампаніі байкоту ўжо вядуць яе ў незалежных СМІ і інтэрнэце, у выглядзе ўлётак. Ён кажа, што аргкамітэты байкоту былі створаныя некалькі месяцаў таму ў 18 гарадах Беларусі:

Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
«Аргкамітэты ў межах магчымасьцяў, якія ёсьць, праводзяць агітацыю. Агульная агітацыя — не хадзіць на выбарчыя ўчасткі і не заставацца ў выбарчых бюлетэнях. Улёткі раздаюцца. Артыкулы ў розных інтэрнэт-выданьнях ідуць. Прыхільнікі размаўляюць зь іншымі людзьмі — на працы, па месцы жыхарства. Мітынгаў вялікіх, наколькі я разумею, ніхто не плянуе. Агітацыйная праца вядзецца. Я думаю, што на дадатак да таго, каб заклікаць не хадзіць на выбарчыя ўчасткі, ініцыятары кампаніі „Байкот“ здолеюць сфармуляваць стратэгічны плян дзейнасьці пасьля 23 верасьня».

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў, што рух удакладняе сьпіс кандыдатаў, зь якімі зьбіраецца працаваць. Паводле Губарэвіча, ці будзе вылучацца Аляксандар Мілінкевіч, рашэньня няма, яго прымуць цягам месяца:

Юрась Губарэвіч
Юрась Губарэвіч
«Шмат тут будзе залежаць ад таго, якія зрухі адбудуцца з боку рэжыму, ці ён пойдзе на вызваленьне палітвязьняў і на пэўную дэманстрацыю жаданьня да зьменаў у Беларусі.

У гэты сьпіс уваходзяць людзі як партыйныя — ёсьць сябры Партыі БНФ, — таксама і незалежныя кандыдаты. Мы будзем праводзіць зь імі сустрэчы, пераважна па рэгіёнах, дзеля ўдакладненьня кампаніі, якая будзе рабіцца рухам „За свабоду“. Мы робім акцэнт менавіта на агітацыйнай частцы гэтай выбарчай кампаніі. Мы падбіраем кандыдатаў, якія будуць казаць пра важнасьць геапалітычнага выбару Беларусі, пра важнасьць рэформаў і дэмакратызацыі краіны».

Адказны сакратар аргкамітэту па стварэньні БХД Дзяніс Садоўскі сказаў, што ўжо распрацаваны плян кампаніі, якая найперш будзе інфармацыйнай:

Дзяніс Садоўскі
Дзяніс Садоўскі
«Гэта распаўсюд друкаванай прадукцыі. Магчымае правядзеньне нейкіх акцыяў тыпу флэшмобаў. Таксама мы будзем актыўна працаваць і ўжо створаны сайт, адмысловыя групы ў сацыяльных сетках, для распаўсюду гэтай інфармацыі ў інтэрнэце. Другі кірунак — гэта ўдзел у кампаніі назіраньня дзеля фіксацыі самога байкоту, што людзі не прыйшлі. У нас створаны аргкамітэт кампаніі, у які ўваходзяць прадстаўнікі іншых арганізацый, створаны рэгіянальныя штабы. Будзе весьціся кааліцыйная, рэгіянальная дзейнасьць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG