Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі сустрэўся з жонкай


Палітвязьню Алесю Бяляцкаму скарацілі доўгатэрміновае спатканьне з жонкай. Былому кандыдату на прэзыдэнта Міколу Статкевічу абвясьцілі вымову. Фільтруюць пошту маладафронтаўца Эдуарда Лобава. Анархісту Аляксандру Францкевічу адмовілі ў спатканьні з бацькамі.

Натальля Пінчук — жонка палітвязьня Алеся Бяляцкага — сёньня вярнулася са спатканьня з Алесем у Бабруйскай турме. Яно мелася быць доўгатэрміновым, але было скарочанае з трох да адных сутак, кажа Натальля:

«Была знойдзеная пэўная падстава, і, адпаведна, спатканьне было скарочанае.
Што тычыцца розных прашэньняў, то на сёньня, я ведаю, ён іх не пісаў ...

Але я задаволеная тым, што гэтае спатканьне ўсё ж адбылося і я яго пабачыла. Ну, бадзёры, трымаецца, заўсёды кажа, што ўсё нармальна, і заўсёды я чую ягоны кашаль. Кажа, што большасьць часу займае праца — ён працуе на ўпакоўцы прадукцыі швейнай вытворчасьці. Што тычыцца розных прашэньняў, то на сёньня, я ведаю, ён іх не пісаў. Зразумела, што ён там знаходзіцца пад асаблівым кантролем, і гэта мае свае наступствы, зьвязаныя з тым, што ягоныя кантакты зь іншымі зьняволенымі абмежаваныя».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч даслаў жонцы Марыне Адамовіч ліст, у якім паведамляе пра новы ціск, які чыніць на яго адміністрацыя Магілёўскай турмы:

«Я ўчора атрымала ліст, у якім пацьвердзілася тое, што ён раней пісаў — пачаліся пошукі недахопаў. Гэтыя пошукі як пачаліся, так у той жа дзень і скончыліся вынясеньнем яму вымовы. Як ён кажа, ведаючы папярэдні вопыт, гэтым ня скончыцца. Ну, а вымова — гэта аўтаматычна пазбаўляе магчымасьці перагляду ягонай справы аб умовах утрыманьня, які мог бы адбыцца пасьля 12 ліпеня. І гэта самае малое з таго, што можа быць».

Марына Лобава — маці маладафронтаўца Эдуарда Лобава — кажа, што ня мае дакладных зьвестак пра ўмовы знаходжаньня яе сына ў Івацэвіцкай турме, бо ўсю ягоную карэспандэнцыю пільна праглядаюць:

«Тэлефоны праслухоўваюцца і карэспандэнцыя прачытваецца, таму калі ён што піша важнае, то гэта не даходзіць. Таму паведамляе, што ўсё ў яго добра. Прынамсі, з прашэньнямі аб памілаваньні праблемаў у яго не ўзьнікала. Сёньня буду высылаць яму сшыткі, канвэрты і маркі. Бо яму многія пішуць, і ён на лісты адказвае».

Разам з Эдуардам Лобавым у Івацэвіцкай турме зьняволеньне адбывае Аляксандар Францкевіч, асуджаны ў справе анархістаў. Маці Тацьцяна Францкевіч кажа, што сына пазбавілі спатканьня з бацькамі:

«4 траўня ў нас павінна было быць доўгатэрміновае спатканьне на ягоны дзень народзінаў, але перад гэтым начальніку зоны штосьці ў ім не спадабалася.
Саша сказаў, што атрымаў нейкі ліст, напісаны левай рукой, у якім гаворыцца, каб ён пакаяўся ...

Штосьці ён ня так падышоў, ня так сказаў, той пазбавіў яго доўгатэрміновага спатканьня, і пасьля гэтага ён стаў злосным парушальнікам. За гэта яго пазбавілі таксама грашовага пераводу. Сказалі, што будуць глядзець на ягоныя паводзіны і здымаць пакараньні, але наўрад ці гэта будзе. Вось у гэтыя выходныя дзень адчыненых дзьвярэй павінен быў быць. Дык яго выкрасьлілі са сьпісаў і сказалі, што бацькоў запрашаць ня будуць. Я думаю, што гэта нейкі ціск, толькі невядома дзеля чаго. Магчыма, што хочуць зламаць, каб напісаў што-небудзь. Бо Саша сказаў, што атрымаў нейкі ліст, напісаны левай рукой, у якім гаворыцца, каб ён пакаяўся».

Паводле Тацьцяны Францкевіч, бацькі асуджаных у справе анархістаў падтрымліваюць паміж сабой сувязь і дзеляцца інфармацыяй пра сваіх сыноў. У траўні спаўняецца год пасьля суду, у выніку якога Аляксандар Францкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў былі асуджаныя на тэрміны ад 4,5 да 8 гадоў турмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG