Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьце: беларуская літаратура ў аўтобус — праз ідэалягічны аддзел


Берасьцейскі аўтобусны парк не працягнуў дамову на разьмяшчэньне ў аўтобусах урыўкаў з твораў беларускіх пісьменьнікаў.

Выпісы зь беларускай клясыкі былі разьмешчаныя на правах рэклямы ў аўтобусах пяці маршрутаў. Ініцыятыва належала агенцтву рэгіянальнага разьвіцьця «Дзедзіч» у межах кампаніі «Наша мова».

Аднак калі ініцыятары акцыі вырашылі працягнуць дамову з аўтапаркам, то атрымалі адмову і параду схадзіць у ідэалягічны аддзел гарвыканкаму.

Кіраўнік «Дзедзіча» Зьміцер Шыманскі кажа, што ідэолягі яму паведамілі, што з-за вялікай загружанасьці аўтобусаў рэклямай яны ня бачаць мэтазгоднасьці ў разьмяшчэньні там яшчэ і цытатаў зь беларускай літаратуры:

«Гэта такі быў пісьмовы адказ, а на словах патлумачылі, што трэба зрабіць гэтую ўлётку ў чатыры разы меншай. Пасьля гэтага трэба прынесьці ўлётку да іх. На наступным тыдні мы пераробім дызайн улётак і зьвернемся яшчэ раз. І калі ўжо будзе адмова паўторная, то тады будзе ясна, што ўлады проста не зацікаўленыя ў тым, каб у Год кнігі тут папулярызавалі беларускую літаратуру».

Акцыя з рэклямай твораў беларускай літаратуры была задуманая дзеля папулярызацыі беларускай літаратуры ў Год кнігі.

У аўтобусах пяці берасьцейскіх маршрутаў побач з рэклямай у лютым віселі ўрыўкі з твораў Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, Уладзімера Караткевіча і Васіля Быкава.

13 сакавіка мэдыі паведамілі пра разасланую старшыням аблвыканкамаў дакладную запіску з рэкамэндацыямі першага намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандра Радзькова.

У дакумэнце для службовага карыстаньня чыноўнік, сярод іншага, выказвае пажаданьне рэгіянальнай вэртыкалі на 2012 год: «…Прыняць канкрэтныя меры па недапушчэньні правядзеньня кіраўнікамі дзяржаўных органаў, іншых арганізацый палітыкі прымусовай беларусіфікацыі і штучнага скарачэньня выкарыстаньня расейскай мовы…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG