Паводле Лябедзькі, пры перасячэньні мяжы ў яго забралі пашпарт на 20 хвілінаў і аднесьлі камусьці з памежнага кіраўніцтва:
памежнік толькі выконвае тое, што яму выдае аўтаматыка. Да Анатоля Лябедзькі давялі інфармацыю, што магчымасьці выехаць за межы Беларусі ў яго няма
«Там нехта зь некім раіўся. Выйшаў афіцэр, вочы долу, і сказаў: прабачце, калі ласка, але мы ня можам вас прапусьціць. Я, канечне, спрабаваў высьветліць, хто прымаў гэтае рашэньне, на якой падставе, у адпаведнасьці зь якімі нарматыўнымі дакумэнтамі. Мне адказалі: нам кампутар выдае інфармацыю, паводле якой мы ня можам вас выпусьціць зь Беларусі. Высьвятляйце па месцы жыхарства ўсе абставіны».
Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цімашэнка сказаў «Свабодзе», што ня ведае, зь якой прычыны старшыню АГП не прапусьцілі празь дзяржаўную мяжу:
«Калі грамадзянін Беларусі сутыкнуўся з падобнай сытуацыяй, ён можа зьвярнуцца ў падразьдзяленьне Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі па месцы жыхарства і там даведацца пра прычыну. На мяжы гэта зрабіць немагчыма. Там сыстэма аўтаматызаваная. І калі пашпарт зьвяраюць з базай, то яна можа паказаць „выезд немагчымы“. І ў дадзеных выпадках памежнік толькі выконвае тое, што яму выдае аўтаматыка. У дадзеным выпадку да Анатоля Лябедзькі і давялі інфармацыю, што магчымасьці выехаць за межы Беларусі ў яго няма».
Сам Лябедзька ў размове са «Свабодай» выказаў думку, што яго затрыманьне — гэта своеасаблівы адказ беларускага кіраўніцтва на пашырэньне сьпісу беларускіх чыноўнікаў, неўязных у Эўразьвяз:
грамадзяніна трэба папярэдзіць, што ён ня можа выяжджаць за мяжу.
«Гэта палітычнае і антыканстытуцыйнае дзеяньне. Раней у мяне былі сытуацыі, калі мне забаранялі выезд зь Беларусі. Але тады знаходзілі хоць нейкія фармальныя падставы, каб гэта ажыцьцявіць. Цяпер жа ў мяне няма ніякіх запазычанасьцяў перад дзяржавай — ні фінансавых, ні зьвязаных з адміністрацыйнымі альбо крымінальнымі справамі. Абсалютна нічога няма. З гэтага я раблю выснову, што рашэньне палітычнае. Такім спосабам улады рэагуюць на рашэньне Брусэля, топчучы канстытуцыйныя правы сваіх грамадзян. Гэта — тупіковы шлях. Гэта ніякім чынам не паўплывае на рашэньні нашай партыі, на маю палітычную і грамадзкую дзейнасьць. Гэта толькі яшчэ адзін штрых да партрэту беларускай улады, які яна сама малюе».
Пытаюся ў спадара Цімашэнкі, ці ён што ведае пра «чорны сьпіс» апазыцыйных палітыкаў? Прэсавы сакратар памежнага Дзяржкамітэту адказвае:
«Падобныя пытаньні не адносяцца да нашай кампэтэнцыі. Я чуў размовы пра нейкія сьпісы. Але пра іх гаворыць толькі пэўная група людзей. Афіцыйна пра гэта я нічога ня чуў. Ёсьць закон пра ўезд у Беларусь і выезд зь яе. І там усё дакладна прапісана».
Валеры Фадзееў, намесьнік старшыні Канстытуцыйнага суду Беларусі ў яго першым складзе, пацьвярджае: парадак уезду ў Беларусь і выезду зь яе грамадзянаў Беларусі рэгулюецца спэцыяльным законам. Ён кажа, што ёсьць пяць дзяржаўных органаў, якія маюць права ўвесьці часовае абмежаваньне. Аднак заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь зьвяртае ўвагу на адну цікавую акалічнасьць у гэтым законе:
«Калі ўпаўнаважаны на гэта орган прыняў такое рашэньне, то ён павінен не пазьней за адзін дзень накіраваць грамадзяніну паведамленьне пра гэта. То бок грамадзяніна трэба папярэдзіць, што ён ня можа выяжджаць за мяжу».
Паводле артыкула 23 гэтага закону, такое рашэньне можна абскардзіць як у вышэйстаячы дзяржаўны орган, так і ў суд — тлумачыць Валеры Фадзееў.