Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта такая штучная халодная вайна...»


Гарадзенскія лідэры апазыцыйных партыяў схільныя лічыць, што чарговы канфлікт з Захадам разьвязаны Лукашэнкам альбо самастойна, альбо супольна з Расеяй.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Юры Істомін схільны лічыць, што канфлікт з заходнімі амбасадарамі справакаваў сам Лукашэнка, каб пазбавіць іх магчымасьці інфармаваць свае краіны пра сытуацыю ў Беларусі ў пэрыяд выбарчай кампаніі ў парлямэнт.

А таксама, на думку Істоміна, Лукашэнка гэтым дэманструе сваю моц і паказвае Захаду, што ня пойдзе ні на якія саступкі ў перамовах па самых вострых пытаньнях, у тым ліку ў справе вызваленьня палітвязьняў.

Юры Істомін
Юры Істомін
«Гэта такая штучная халодная вайна. Думаю, Лукашэнка пойдзе па такім жорсткім шляху закручваньня гаек у дачыненьні да апазыцыі, а таксама на некаторы разрыў адносінаў з Эўразьвязам, каб потым было з чаго стартаваць і весьці новыя перамовы на новых умовах».

Вадзім Саранчукоў, кіраўнік абласной арганізацыі БНФ, перакананы, што чарговы канфлікт Лукашэнкі з заходнімі дыпляматамі — ні што іншае, як сыстэмная акцыя з боку Расеі дзеля зьдзяйсьненьня сваіх плянаў у гэтым рэгіёне. А наконт таго, што гэта робіцца рукамі самога Лукашэнкі, Саранчукоў мяркуе:

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў
«Я абсалютна дапускаю, што зараз у яго безвыходная сытуацыя і ён губляе ініцыятыву, ня можа адэкватна рэагаваць на тое, што адбываецца. І чым бы ні завяршыўся гэты канфлікт, наступствы для Беларусі будуць толькі адмоўныя».

Лідэр абласной арганізацыі «Справядлівага сьвету» Анатоль Іванчык ацэньвае падзеі выключна як палітычную гульню. Ён схільны лічыць, што Лукашэнка страціў прастору для манэўру, бо Расея яго заціснула ў кут. Іванчык дапускае, што рана ці позна беларусы абудзяцца ў іншай краіне — Расеі.

Анатоль Іванчык
Анатоль Іванчык
«У сілу падзеяў у Іране, на Блізкім Усходзе, відавочна, завязваецца нейкі вузел, і перш за ўсё за гэтым стаіць Расея. Канечне, нейкія перамены магчымыя і ў Расеі, нягледзячы на тое, што Пуцін рвецца да ўлады. Але, думаю, што гэта ад яго паходзіць падказка для Лукашэнкі, як сябе паводзіць. І я ня думаю, што з боку Захаду цяпер быў разумны ход. Яны павінны разумець, што выпускаць Беларусь для іх таксама нявыгадна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG