Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замах на прэзыдэнта Абхазіі


Аляксандар Анкваб
Аляксандар Анкваб

На прэзыдэнта самаабвешчанай рэспублікі Абхазіі Аляксандра Анкваба зьдзейсьнены замах. Невядомыя абстралялі яго аўтамабіль. Паводле абхаскага МУС, сам прэзыдэнт не пацярпеў, адзін супрацоўнік службы аховы загінуў, двое цяжка параненыя.

Напад адбыўся ў 08:25 у раёне Гудаўты, калі Анкваб ехаў на працу. Паводле агенцтва «Інтэрфакс», на дарозе спачатку выбухнуў кіраваны фугас, утварылася глыбокая варонка, потым па картэжу быў адкрыты агонь з гранатамёта і кулямёта. Ахоўнікі прэзыдэнта закрылі яго сваімі целамі.

Паводле адных зьвестак, адзін з ахоўнікаў быў забіты, двое цяжка параненыя. Паводле іншых, забітымі лічацца двое прэзыдэнцкіх ахоўнікаў. Выбух пашкодзіў аўтамашыны суправаджэньня, адзін зь пяці аўтамабіляў картэжу цалкам згарэў.

Паводле экспэрта Радыё Свабода Вадзіма Дубнова, замах на Аляксандра Анкваба не зьяўляецца нечаканасьцю:

«Быўшы прэм'ерам, цяперашні прэзыдэнт перажыў не адзін такі замах, і некаторыя зь іх адбываліся па схеме, вельмі падобнай на сёньняшняю. Пры ўсіх сваіх адносных дэмакратычных посьпехах, Абхазія застаецца даволі крыміналізаванай тэрыторыяй, і гэты крымінал непасрэдным чынам зьвязаны з традыцыйнай карупцыяй. Мяркуючы па ўсім, прычыны незадаволенасьці Анквабам у гэтых колах застаюцца тымі ж, што былі і ў бытнасьць яго прэм'ерам. У першую чаргу, гаворка ідзе пра маскоўскія траншы, у разьмеркаваньні якіх задзейнічаныя вельмі многія асобы як у Сухумі, так і ў Маскве. Гэта, вядома ж, пытаньне аб зямлі і нерухомасьці, у якіх Анкваб спрабуе займаць вельмі жорсткую пазыцыю. Гэта пытаньне разьмеркаваньня падрадаў на будаўніцтва і гэтак далей. Усе гэтыя праблемы былі перанятыя ад ранейшай улады яшчэ яго папярэднікам, Сяргеем Багапшам, які па пералічаных прынцыповых пытаньнях спрабаваў займаць гнуткую пазыцыю, аднак рушыць наперад у вырашэньні гэтых праблем не атрымалася ні на крок. Анкваб жа, у сваю чаргу, ужо тады абазначаў гатоўнасьць да больш энэргічных падыходаў, чым нажыў сабе нямала ворагаў па абодва бакі расейска-абхаскай мяжы.

У гэтым замаху наўрад ці ёсьць нейкі сур'ёзны палітычны падтэкст. У палітычным супрацьстаяньні Анкваб выйграе даволі пераканаўча, таму ўся калізія пераходзіць у крымінальна-эканамічную плашчыню», -- лічыць Вадзім Дубноў.

Аляксандар Анкваб уступіў на пасаду прэзыдэнта Абхазіі ў жніўні 2011 году пасьля таго, як яго папярэднік, Сяргей Багапш памёр у адным з маскоўскіх шпіталёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG