Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У бедных забіраюць, багатым раздаюць»

абноўлена

Укладчыца пра размову з Надзеяй Ермаковай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:36 0:00
Наўпроставы лінк

Укладчыца «Беларусбанку» пра размову з Надзеяй Ермаковай

Суд Першамайскага раёну адхіліў пазоў менскай пэнсіянэркі Ніны Мірашнічэнкі да Беларусбанку аб кампэнсацыі стратаў, атрыманых у выніку леташняй дэвальвацыі беларускага рубля.

Пазоў пэнсіянэркі Ніны Мірашнічэнкі да Беларусбанку разглядаў судзьдзя Першамайскага раённага суду Менску Сяргей Люштык. 81-гадовая жанчына патрабавала спагнаць з банку 55 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі грашовых і маральных стратаў. «Што гэта такое, у бедных забіраюць, а багатым аддаюць», — абуралася ў судзе Ніна Мірашнічэнка і даводзіла, што банк парушыў закон аб правах спажыўца.

Два гады таму пасьля сьмерці мужа-вэтэрана спадарыня Мірашнічэнка паклала грошы ад продажу дачнага ўчастку ў Раўбічах на рахунак у Беларусбанк. Паводле парады кансультанта банку ўклад зрабіла ў беларускіх, а не ў расейскіх рублях, як зьбіралася спачатку. Калі летась дачка паведаміла ёй пра праблемы з валютай, яна вырашыла канвэртаваць уклад у расейскія рублі. 5 траўня пэнсіянэрка зьвярнулася ў Беларусбанк з заявай, у якой напісала, што валюта ёй патрэбная, каб набыць жытло ў Маскве, куды яна зьбіраецца пераехаць з хворай дачкой. Але куплю банк не палічыў сацыяльна важнай і зацягнуў з дазволам да чэрвеня. У выніку Ніна Мірашнічэнка страціла на гэтай апэрацыі больш за 5 тысяч даляраў:
Я зьбірала гэтыя грошы, і тут — вось табе, яны зьніклі.

«Я зьбірала гэтыя грошы, і тут — вось табе, яны зьніклі. Хопіць, што ў нас з мужам пры савецкім рэжыме 10 тысяч рублёў прапала, але там дзяржава распалася, няма з каго пытацца. А тут жа дзяржава не развалілася. Беларусбанк мае 50% сваіх укладаў і 50% — дзяржавы. Хай адказвае за свае ўчынкі».

Банк пазоў сваёй былой укладчыцы не прызнаў. Інтарэсы Беларусбанку ў судзе абараняла супрацоўніца юрыдычнага аддзелу Кацярына Галубнічая. Яна адхіліла аргумэнт Ніны Мірашнічэнкі пра тое, што яе заява на канвэртацыю яе ўкладу нават не была своечасова разгледжаная. Паводле спадарыні Галубнічай, за гэтае парушэньне панесьлі адказнасьць пэўныя супрацоўнікі банку, але заява кліенткі ўсё роўна не была б задаволеная, бо набыцьцё кватэры ў Маскве не ўваходзіла ў сьпіс сацыяльна значных мэтаў:

«Гэтая падстава не падпадае пад дзеяньне рашэньня праўленьня банку № 50 ад 13 траўня 2011 году, дзе быў вызначаны сьпіс сацыяльна-значных мэтаў, а толькі гэта магло быць падставай для дазволу на продаж валюты ва ўмовах, якія склаліся ў Беларусі».

Летась, пачынаючы з траўня, у абменьніках немагчыма было набыць валюту, а калі яе і прадавалі ў абмежаваным памеры, дык толькі пасьля чэргаў, якія яна па стане здароўя не магла выстаяць, заявіла суду 81-гадовая Ніна Мірашнічэнка. Паводле пазоўніцы, яна дамаглася канвэртацыі яе грошай толькі ў чэрвені пасьля асабістай сустрэчы з тагачаснай кіраўніцай «Беларусбанку» Надзеяй Ермаковай. Але курс быў ужо іншы, нявыгадны для ўкладчыцы. Паводле Ніны Мірашнічэнкі, іншая супрацоўніца банку абяцала, што страчаныя грошы ёй кампэнсуюць, і нават узяла зь яе заяву, што прэтэнзій да банку ўкладчыца ня мае, аднак кампэнсацыі спадарыня Мірашнічэнка так і не дачакалася.
Я падключу тэлевядучага Малахава і нават блёк Пуціна і Мядзьведзева.
Ніна Мірашнічэнка

Адвакат пацярпелай укладчыцы Юрый Шчэрбіч хадайнічаў, каб суд запатрабаваў зь Беларусбанку і Нацыянальнага банку дакумэнты, якімі кіраваліся банкіры, калі вызначалі, каму варта прадаваць валюту, а каму не. А таксама каб прывялі прыклады такіх выпадкаў, хоць бы не называючы імёнаў. Але судзьдзя Сяргей Люштык большасьць хадайніцтваў абаронцы не задаволіў.

Пасьля гэтага, як кажа Ніна Мірашнічэнка, яна ўжо зразумела, на чыю карысьць будзе судовае рашэньне. Аднак і пасьля паразы пацярпелая пэнсіянэрка здавацца не зьбіраецца. Яна кажа, што абскардзіць рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе ды будзе зьвяртацца на расейскае тэлебачаньне і да расейскіх палітыкаў:

«Я на гэтым не спынюся, я падключу ўсю Расею, я падключу праграму „Чалавек і закон“, падключу тэлевядучага Малахава і нават блёк Пуціна і Мядзьведзева».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG