Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы ці нахлебнікі?


Аляксандар Лукашэнка выступае з ініцыятывай мадэрнізацыі навуковай сфэры.

Найперш, ён ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць існаваньня шматпрофільнай Нацыянальнай акадэміі навук, якая праз сваю неразваротлівасьць нашмат больш спажывае, чым аддае. Лукашэнка не ўпершыню за апошні час пагражае абрэзаць фінансаваньне навукі, патрабуючы, каб навукоўцы ня толькі самі зараблялі інавацыйнай дзейнасьцю, але і давалі прыбытак дзяржаве. Прадстаўнікі акадэмічных інстытутаў прэтэнзіі лічаць беспадстаўнымі.

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што урад і Акадэмія навук спрабуюць падмяніць карэнную мадэрнізацыю «касмэтычным рамонтам»:

«Нам неабходна сур’ёзна задумацца над тым, ці патрэбна дзяржаве такая грувасткая Акадэмія навук? Я стаўлю пытаньне, не сьцьвярджаю. Магчыма, будзе больш мэтазгодна пайсьці па шляху тых дзяржаў, дзе дасьледаваньні сканцэнтраваныя ва ўнівэрсытэтах і на прадпрыемствах і даюць рэальны эфэкт. Якія навуковыя кірункі нам трэба разьвіваць самастойна, з улікам прыярытэтаў беларускай эканомікі, ідэалёгіі, дзяржаўнай сфэры? А ад якіх дасьледаваньняў можна адмовіцца ўвогуле, каб не вынаходзіць ужо вынайдзенае? Дробнымі перастаноўкамі абысьціся ня ўдасца. Стымуляваць Акадэмію навук, навуку ўвогуле ў Беларусі да рэформаў мы будзем найбольш эфэктыўным спосабам — рублём. Скарачаючы бюджэтнае фінансаваньне і адначасова патрабуючы падвышэньня яе аддачы».
Мэтазгодна пайсьці па шляху тых дзяржаў, дзе дасьледаваньні сканцэнтраваныя ва ўнівэрсытэтах і на прадпрыемствах і даюць рэальны эфэкт

Паводле афіцыйных дадзеных, у 2012 годзе дзяржава патраціць на навуку 1 трыльён 390 мільярдаў рублёў, альбо 1,5% ад бюджэту. Пры тым, што адпачатку на гэтыя мэты прапаноўвалася выдаткаваць амаль 2 трыльёны рублёў. Былы дырэктар Інстытуту эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік Генадзь Лыч кажа, што тэндэнцыя на зьніжэньне падтрымкі навуковай сфэры цягам некалькіх апошніх гадоў прасочваецца выразна. Калі ў 2010 годзе фінансаваньне навукі са сродкаў бюджэту склала амаль 58% ад агульнага аб’ёму затратаў на навуковыя дасьледаваньні, то сёлета ён будзе роўны 42%.

«Базавае фінансаваньне на навуку ўжо скарочанае па нашай Акадэміі на 10%. Пазабюджэтнае фінансаваньне, якое выходзіць за рамкі фінансаваньня базавага, таксама нічога добрага не абяцае. Калі, дапусьцім, узяць наш Інстытут эканомікі, то базавае фінансаваньне складала дзесьці крыху больш за 27%, а астатняя частка — больш за 70% — прыпадала якраз не на базавае. То бок навука ў большай частцы сама сябе забясьпечвала, на шыі ў дзяржавы не сядзела. Але як выплываць цяпер, калі ў прадпрыемстваў няма грошай, у ведамстваў няма грошай? Гэта азначае, што дамоваў ніякіх не заключыш і ў прыбытак працаваць надзвычай складана», — кажа акадэмік Генадзь Лыч.

Адмыслоўцы лічаць, што спробы пераарыентаваць навуку з акадэмічных інстытутаў непасрэдна на прадпрыемствы ці ў дасьледчыя лябараторыі вышэйшых навучальных установаў асаблівага плёну мець ня будуць. Асьпірантка Оксфардзкага ўнівэрсытэту Ўладзіслава Чалей навучалася на біялягічным факультэце БДУ і марыла пра навуковую кар’еру ў Беларусі. Аднак нават непрацяглага досьведу кантактаваньня з навуковай элітай хапіла, каб зрабіць выснову: навука ў сучаснай Беларусі ня мае асаблівых пэрспэктываў:
Няма тут ніякай павагі ні да навукі, ні да людзей.

«Што самае брыдкае — няма тут ніякай павагі ні да навукі, ні да людзей. Як яшчэ расцаніць, калі ў нас могуць сказаць: ну і што з таго, што ты кандыдат навук? Я магу забраць тваю кандыдацкую ступень. Ці нават доктарскую. І кожны дзень розныя загады, якія ўзаемна выключаюць адзін аднаго. Я размаўляла са сваімі сябрамі ва ўнівэрсытэце, якія яшчэ там выкладаюць. Кажуць, выдалі такі загад, што нельга, каб чалавек адначасова ўзначальваў лябараторыю і працаваў выкладчыкам. А як я буду добрым выкладчыкам, калі ня маю магчымасьці працаваць у лябараторыі? Альбо наадварот: калі я ўзначальваю лябараторыю, то гэта значыць, што менавіта мяне трэба зваць выкладаць прадмет, таму што ў мяне і вопыт, і я наўпрост працую ў рэчышчы рэальных дасьледаваньняў. А ў нас цяпер адбываецца так, што загадваюць лябараторыямі людзі, якія нават ступеняў ніякіх ня маюць. Бо проста трэба ў паперцы напісаць чыё-небудзь прозьвішча».

Навукоўцы кажуць, што цяжка эфэктыўна разьвівацца, калі даводзіцца займацца ня столькі вынаходкамі, колькі адпавядаць ідэалягічным стандартам і дэманстраваць ляяльнасьць за тое, што дзяржава нібыта ўтрымлівае навуку. Праўда, Аляксандар Лукашэнка даў зразумець, што менавіта ідэалягічны складнік у навуцы пакуль што кульгае наймацней. Напярэдадні ён скрытыкаваў навукоўцаў за тое, што тыя «не спраўляюцца з задачай сур’ёзнага навуковага суправаджэньня ідэалёгіі і працы з насельніцтвам». Паводле яго, апанэнты, перш за ўсё на Захадзе, выкарыстоўваюць усё больш прасунутыя паліттэхналёгіі, а беларускія навукоўцы ня ў стане прапанаваць эфэктыўныя мэтады, каб ім супрацьстаяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG