Лінкі ўнівэрсальнага доступу

FEMEN: Наша стратэгія лякае нават такога дыктатара, як Лукашэнка


Іна Шаўчэнка
Іна Шаўчэнка

Сёньня ў Цурыху перад будынкам Міжнароднай фэдэрацыі хакею актывісткі ўкраінскага руху FEMEN згулялі ў беларускі хакей у зэкаўскіх робах.

Хакейныя босы ўбачылі плякаты з надпісамі «Раб не гуляе ў хакей», «Не заахвочвайце дыктатуры!», «Лукашэнка, згуляем ў Гаазе?», «Адбярэце чэмпіянат у дыктатара!». Госьця Свабоды – актывістка FEMEN Іна Шаўчэнка.

Бушлякоў: Жаночы рух FEMEN патрабуе ад Міжнароднай фэдэрацыі хакею адмовіцца ад правядзеньня чэмпіянату сьвету па хакеі-2014 у Беларусі. Як вядома, прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль на пачатку студзеня пацьвердзіў прынятае раней рашэньне праводзіць чэмпіянат сьвету ў 2014 годзе ў Беларусі. А ці былі рэакцыі з боку прадстаўнікоў фэдэрацыі на вашую акцыю сёньня?

Шаўчэнка: Сёньня калі мы падышлі да галоўнага ўваходу ў Міжнародную фэдэрацыю, мы пачулі, як зачыніліся дзьверы з унутранага боку, і ўбачылі вельмі шмат зьдзіўленых твараў з вокнаў, напэўна, супрацоўнікаў фэдэрацыі, якія не хацелі нічога тлумачыць і камэнтаваць. Бо, я думаю, яны самі разумеюць, што калі яны дапусьцяць гэтую памылку, іхным дзецям і ўнукам будзе сорамна.

Бушлякоў: Ці вы ня думаеце, што Міжнародная фэдэрацыя хакею, пагаджаючыся на правядзеньне сусьветнага чэмпіянату ў Беларусі, кіруецца найперш камэрцыйнымі інтарэсамі?

Шаўчэнка: Для нас, для звычайных грамадзян, якія жывуць у Беларусі, Украіне, Швэйцарыі, дзе заўгодна, ня важна, чым кіруецца фэдэрацыя. Мы бачым, што калі такая вялікая структура, як спорт, фанаты хакею знаходзяцца ў кожнай краіне, што такая структура падтрымлівае і дае магчымасьць такой дыктатарскай краіне, як Беларусь і самому Лукашэнку такі падарунак у рукі для таго, каб прыкрыць усю праўду, якая адбываецца на тэрыторыі Беларусі, мы бачым адно – у такім выпадку ўвесь сьвет дазваляе і падтрымлівае дыктатарскі рэжым у Беларусі, бо ў Беларусі ёсьць такі падарунак у руках. І сёньня мы прыйшлі да офісу Міжнароднай фэдэрацыі для таго, каб патрабаваць, не прасіць, а патрабаваць забраць права на чэмпіянат у Лукашэнкі, які проста з уласнага жаданьня зьнішчае людзей, саджае іх у турму, зьдзекуецца зь іх (дарэчы, аднымі з такіх былі і мы) і таму гэта наш доўг – зрабіць так, каб Лукашэнка і Беларусь ня мелі ў сваіх руках такога падарунку.

Бушлякоў: Іна, вы былі сярод актывістак FEMEN, якіх выкралі пасьля акцыі каля будынку КДБ у леташнім студзені – выкралі і пагражалі вашаму жыцьцю. Чаму вы гатовыя ісьці і ідзяце на вялікую рызыку?

Шаўчэнка: Уласна кажучы, калі мы ехалі ў Беларусь, мы разумелі, скажу шчыра, што Беларусь далёка не Ўкраіна і Лукашэнка зусім не Януковіч, рэжым ва Ўкраіне не настолькі жорсткі. Мы былі гатовыя да арышту. Але мы, нават мы, недаацанілі ўсяго, што адбываецца па волі Лукашэнкі. І пасьля таго, як мы вярнуліся зь Беларусі жывыя, я не магу растлумачыць, чаму, але проста ў мяне зьявілася болей сілы рабіць тое, чым займаецца FEMEN. Напэўна, я проста пераканалася, што стратэгія FEMEN дзейсна лякае нават такога дыктатара як Лукашэнка. Мы стоадсоткава вернемся ў Беларусь зноў, каб яшчэ раз налякаць, а магчыма і проста зьнішчыць Лукашэнку.

Бушлякоў: Вы сказалі, што пасьля беларускага здарэньня ў вас зьявілася яшчэ болей сілы, каб распаўсюджваць ідэю руху FEMEN. Якая гэта ідэя?

Шаўчэнка: Ідэя жаночага руху FEMEN нічым не адрозьніваецца ад фэміністычных рухаў, якія дзейнічаюць ужо на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Проста мы маем асаблівы, новы, цікавы для гэтага дзеяньня стыль, форму пратэсту. Ідэя простая – вольная жанчына. Калі жанчына мае магчымасьць у сваёй краіне распрануцца на знак пратэсту, гэта сьведчыць пра яе свабоду. Чаму мы выступаем на розныя тэмы, такія, як палітыка, эканоміка, культура. Галоўнае для нас паказаць, што жаночы голас, голас жаночага пратэсту сёньня існуе і мае права гучаць з кожнага кутка сьвету. Таму мы робім гэта па ўсім сьвеце. Таму мы рэагуем на ўсе гарачыя тэмы.

Бушлякоў: Чым займаюцца актывісткі FEMEN па-за пэрформэнсамі? Вашыя незычліўцы думаюць, што, пратэстуючы ў розных краінах і з рознымі мэтамі, дзяўчаты такім спосабам зарабляюць сабе на жыцьцё?

Шаўчэнка: На жыцьцё мы зарабляем зусім іншым спосабам. Сёньня FEMEN для многіх дзяўчат стаў асноўным заняткам, работай, і таму мы зарабляем грошы ўжо з дапамогай папулярнасьці брэнду FEMEN, мы зарабляем на распаўсюджваньні нашай ідэі, прадаём атрыбутыку зь лягатыпамі FEMEN. Думка пра тое, што пратэстуючы і разьяжджаючы па сьвеце мы зарабляем грошы, я думаю, мае права на існаваньне ў галовах скептыкаў, але тлумачыць і апраўдвацца, лічу, ня трэба.

Бушлякоў: Іна, вялікі дзякуй.

Шаўчэнка: І апошняе, што хачу сказаць: Жыве Беларусь!

Слухаць гутарку можна тут:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:30 0:00
Наўпроставы лінк
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG