Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ідэалісты просяць другіх ідэалістаў зрабіць ідэальнае дзеяньне»


Ці рэальна тое, што Эўразьвяз увядзе эканамічныя санкцыі супраць афіцыйнага Менску, а менавіта — эмбарга на пастаўку нафтапрадуктаў?

Да гэтага заклікалі на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімер Кобец, прэсавы сакратар экс-кандытата ў прэзыдэнты Саньнікава Аляксандар Атрошчанкаў і рэдактар сайту charter’97 Натальля Радзіна.

Журналістка Натальля Радзіна перакананая, што пра эканамічныя санкцыі трэба гаварыць, бо крывадушнасьць эўрапейскіх палітыкаў вядзе да страшных рэчаў. І гэта бачна на прыкладзе праваабаронцы Алеся Бяляцкага, якога кінулі за краты.

«Мы бачым,што зараз адбываецца ў турмах з палітвязьнямі. Гэта адбываецца менавіта з-за таго, што адносна дыктатара не прымяняюцца нейкія рэальныя санкцыі. Уся палітыка Эўропы, якая існавала дагэтуль, правальная менавіта з-за ўласнай слабасьці. Ніякіх рэальных санкцый дагэтуль Эўропа ня ўводзіла. Эканамічнае супрацоўніцтва прыводзіць да таго, што сёньня эўрапейскія краіны спансуюць карны апарат рэжыму Лукашэнкі».
Сёньня эўрапейскія краіны спансуюць карны апарат рэжыму Лукашэнкі.

Вядомы палітык Віктар Івашкевіч цалкам падтрымлівае заклікі да эканамічных санкцыяў супраць рэжыму. Ён лічыць, што трэба рабіць татальны байкот рэжыму ў Беларусі.

«Калі ў нас пытаюцца заходнія дыпляматы — што, вы лічыце, трэба рабіць? — неабходна казаць: „Байкот рэжыму, у тым ліку і эканамічны“. А гэта ўжо пытаньне тых палітыкаў — захочуць яны гэта рабіць ці не. У гэтым выпадку рашаць эўрапейскім палітыкам, ці яны ўсур’ёз зьбіраюцца ціснуць на рэжым, ці толькі выказваць заклапочанасьць».

Экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі з Варшавы мяркуе, што ў Эўразьвязе пакуль няма пэўнай згоды адносна таго, як выкарыстаць усе магчымасьці эканамічных санкцый. Пакуль у Брусэлі пагадзіліся з тым, што найбольш дзейсныя візавыя санкцыі. Але гэта, паводле польскага экспэрта, не ўплывае на беларускую рэчаіснасьць.

«Прыклад ЗША тут вельмі важны. Калі ўвесьці сур’ёзныя эканамічныя санкцыі, тады можна сур’ёзна парушыць беларускі рэжым. У Эўропе, на жаль, ёсьць 27 розных эканомік. Ня ўсе дзяржавы хочуць такога жорсткага ўплыву. На рэжым можна ўплываць эканамічнымі санкцыямі, але гэта складаная сытуацыя. Каб уплываць на беларускі рэжым, трэба ўводзіць санкцыі ня толькі з заходняга боку, але і з усходняга. А ўвядзеньне такіх санкцыяў з усходняга боку пакуль немагчымае. З гэтай прычыны ў Беларусі ўсе гэтыя эканамічныя санкцыі ня будуць мець вялікага ўплыву».

Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, эканамічныя санкцыі, да якіх заклікаюць паплечнікі Андрэя Саньнікава, на сёньня немагчымыя. Бо ў ЭЗ не хапае палітычнай волі для прыняцьця такога рашэньня.

«Такое эмбарга не паўплывае на Беларусь з-за вялікай блізкасьці Беларусі з Расеяй. І таго, што любая нафта, перапрацаваная на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах, можа пазьней прадавацца праз Расею. І прыбытак будуць атрымліваць расейскія карпарацыі, ня больш за тое. Калі б за тымі людзьмі, якія ўчора зрабілі заявы, ішлі тысячы, дзясяткі тысяч людзей, то, можа, такія дэклярацыі можна было б рабіць. А сёньня гэтага ня бачна ў Беларусі. Але ў той жа час гэта вельмі маральная пазыцыя, якая зважае на злачынствы, якія робіць беларуская ўлада».

Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў мяркуе, што праз эканамічную ізаляцыю рэжыму, наадварот, у Беларусі зьявіцца больш палітвязьняў, бо ўладам давядзецца ўціхамірваць палітычную сытуацыю з прычыны эканамічнага пагаршэньня.
Гэта будзе апошні крок да таго, каб Беларусь перастала быць самастойнай, а стала цалкам зьвязанай з Расеяй.

«Гэта будзе апошні крок да таго, каб Беларусь перастала быць самастойнай, а стала цалкам зьвязанай з Расеяй. Бо толькі Расея будзе адзінай крыніцай хаця б нейкіх грошай. Я ня бачу ў гэтым інструмэнце нейкага абавязковага выніку, які бачаць тыя, хто да гэтага заклікаў. Эўразьвяз — гэта 27 краін з рознымі поглядамі і інтарэсамі. Таму гэта нерэалістычна».

Эканаміст Міхась Залескі адзначае, што за мінулы год гандлёвыя дачыненьні Беларусі з Эўропай значна палепшыліся. Беларускі экспарт у Эўропу вырас на 63%.

«Гэта значыць, што яны купілі ў нас на 12 мільярдаў даляраў тавараў. Хто купіў, той не зьбіраецца пераставаць купляць. Той, хто будзе камандаваць яму перастаць купляць, ня мае на таго, хто купляе, ніякага ўплыву. Адны ідэалісты просяць другіх ідэалістаў зрабіць ідэальнае дзеяньне. А ёсьць так званыя прагматыкі. За 10% прыбытку капіталіст задушыцца. А за 20% зьесьць уласных дзяцей. А яны просяць».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG